Читать «Знак бяды» онлайн - страница 39

Васіль Быкаў

Звычайна яна, як даіла, кідала Бабоўцы які ахапак травы ці атавы, тады тая стаяла спакойней і лепей аддавала малако, — цяпер жа ў яе нічога не было пад рукамі, а немцы, мяркуючы па ўсім, чакаць не мелі намеру. Яна хацела сказаць Петраку, каб прынёс што, але перадумала: хай! Нешта ў ёй пыхнула злосцю і зашчапілася ад гэтай іх бесцырымоннасці — быццам яна павінна забяспечваць гэтую зграю малаком ад свае каровы, — хай бы пашукалі дзе яшчэ кароў. Бабоўка між тым, таксама нібы разумеючы ўсю меру нахабства няпрошаных гасцей, перабірала нагамі і ўсё азіралася на той бок падворка, калі Сцепаніда прысела да яе. Бабоўцы тое таксама яўна было не па нораву, карова пераступала, хвалявалася, Сцепаніда адчувала гэта, і яе абурэнне ўсё расло ўнутры. Усё ж яна неяк нацыркала паўвядра малака і ўстала ад каровы. Карла са скурана зашмальцаваным каўняром мундзірчыка стаяў побач, на яго азызлаватым твары не было нічога, апроч цярплівага, абыякавага чакання.

— Во, болей няма! — сказала Сцепаніда, аддаючы яму вядро.

Немец моўчкі ўзяў і, валюхаючы, панёс да кухні. Да Сцепаніды неяк бокам падступіў Пятрок, азірнуўшыся, ціха зазначыў:

— Але ж… Мабыць, замала. Каб іх…

— Хопіць! — рашуча сказала яна і шлёпнула карову па азадку, скіроўваючы яе ў хлеў.

І ў той час ад кухні раздаўся такі злы вокліч, што яна здрыганулася:

— Хальт! Ком!..

Гэта ўсё той фельдфебель, ён аж счырванеўся ад нейкага абурэння і, пакуль Сцепаніда пацяміла, чаго ад яе хацелі, з вядром у руках прыкаціўся ледзьве не ўпрытык да яе. Нешта хуценька і злосна гамонячы, ён тыцкаў у яе вядром, яна слухала і ўжо разумела, што малака было мала.

— А дзе я вам вазьму болей? Усё.

— Аллес?

Кругленькі фельдфебель яшчэ нешта пралямантаваў да яе, пасля порсценька павярнуўся да кухні, знайшоў там кагосьці позіркам і тузануў галавой — ком! Усё той жа Карла, па-ранейшаму нетаропка і валюхаста, прытупаў да фельдфебеля, узяў вядро, нерашуча падышоў да каровы, якая ўстрывожанымі вачыма няўцямна пазірала наўкола. Калі ён наблізіўся да яе задніх ног, яна пераступіла і стала да яго бокам. Карла змушаны быў зноў абыходзіць, і фельдфебель крыкліва вызверыўся на Петрака — той спалохана ўхапіў Бабоўку за рогі.

Сцепаніда ўжо разумела, што зараз будзе, і плюнула на падворак. Ёй было страшнавата ад таго, што яе падман, мусіць, зараз адкрыюць, і разам стала агідна: салдат браўся даіць, а яе дурань Пятрок змушаны быў яму памагаць. Бедная Бабоўка, што яны зараз зробяць з ёй, вочы б яе не глядзелі на тое. Але так, яны ўжо даілі — раскарачаны Карла гнуўся пад карову, зазіраючы на каровіна вымя, у вядры ўжо зацуркала з сісек, Бабоўка перабірала нагамі, ненастойліва памкнулася вывернуць рогі, ды, мусіць, Пятрок трымаў моцна. Сцепаніда ўся напялася ад маўклівае злосці, стаяла зводдаль і не ўзнімала позірку з долу. Але яна ўсё бачыла і нема слала праклёны гэтым чужынцам, а найбольш гэтаму рыжаму фельдфебелю, які напяўся і сачыў за ўсім, што рабілася ля каровы. Нарэшце праз якіх хвілін пяць яна зірнула ў вядро і сцялася яшчэ болей: тое поўнілася ўжо да берагоў. Ах ты, дурная Бабоўка, нашто ты аддаеш ім! Але мусіш аддаць, Бабоўка таксама баялася, баяўся Пятрок, падкурчаныя ногі якога ў суконных, залапленых на каленях штанах дробненька падрыгвалі, калі ён з натугай утрымліваў карову! Сцепаніда таксама баялася — ведала, дабром гэта не скончыцца.