Читать «Знак бяды» онлайн - страница 38

Васіль Быкаў

Яначкаў невялікі статак яна згледзела ў кустоўі непадалёк ад дуплістай калоды паваленага дуба на самым узлеску. Каровы паціху шамацелі кустоўем, а Янка, прыхаваўшыся за ялінкай, чакаў яе і, як згледзеў, нешта горача загаманіў, усё паказваючы ў поле. Можа, ён што бачыў там? Але, здаецца, цяпер там было пуста, пара было гнаць жывёлу дадому. Сцепаніда адлучыла Бабоўку ад іншых, і тая ахвотна скіравала па сцежцы да хутара. Тут толькі Сцепаніда спахапілася, што нічога не ўзяла Янку, ды і сама яна сёння не мела крошкі ў роце. Янка на развітанне загергетаў незразумела і ўзрушана, замахаў рукамі і толькі напаследак няўмела вымавіў два трывожныя словы, якія цяпер былі зразумелы кожнаму:

— Пук! Пук!

Сцепаніда не стала дапытваць, пра што ён хоча сказаць, і хуценька пагнала хварасціной Бабоўку — пакуль на сядзібе не было немцаў, трэба было паспець падаіць карову.

Трохі прыпацеўшы нават у калянай хусцінцы і пад ватоўкаю, яна дагнала карову да плота каля бульбянішча і зразумела, што прыпазнілася. На падворку пад ліпамі ўжо высіўся брызентавы верх машыны і чулася гамана, нязвыклае, нянаскае гергетанне, паасобныя выкрыкі, здаецца, там штось адбывалася. У недаўменні яна прыпынілася, Бабоўка падняла галаву і замарудзіла крок. Над парканам было відаць, як немцы, таўкучыся купкаю, цягнулі з машыны нешта грувасткае і цяжкое, і адзін, мабыць, заўважыўшы яе за плотам, радасна-гарэзліва закрычаў цераз гарод:

— О, матка, млеко!

Рабіць не было чаго, яна ціха сцебанула хварасціной Бабоўку, тая пераступіла ніжнюю жэрдку ў плоце і звыклым шляхам пайшла сцяжынай да падворка.

На падворку адбывалася тое, чаго Сцепаніда найболей баялася: немцы ўсталёўваліся надоўга. Вывалакшы з машыны грувасткую шэрую брызенціну, яны распіналі яе на коллі ля тыну на нетаптанай мураве падворка, таўкліся там усёй грамадою, расцягвалі вяроўкі, забівалі ў зямлю кароткія калкі. Двое па краях дужа ўперліся ў зямлю, амаль легшы на падворак, — цягнулі вяроўкі, і шэры брызентавы дах падатна напяўся, утварыўшы вялізную, ледзьве не з хату, будыніну.

На дрывотні стаяў згорблены Пятрок, трохі захінуўшыся за вугол, пазіраў, што рабілася на падворку, і, згледзеўшы жонку, роспачна развёў рукамі. Але Сцепаніда не азвалася. «Чорт з імі, — падумала яна, — там яны замінаць будуць найменей». Ёй абы не займалі гэты канец падворка, дзе былі хлеў, курыны катушок, дрывотня, праход да застаронка. Ды, мусіць, тут для іх брудна, ім патрэбна чысцей. Той, вышэйшы за гэты, канец двара, натуральна, быў і чысцейшы.

Бабоўка, мусіць, не горш за гаспадароў адчувала небяспеку ад гэтых людзей і толькі паткнулася выйсці з дрывотні, як нерашуча стала, задрала галаву і чмыхнула — яна ці баялася. Сцепаніда зайшла наперад, пагладзіла кароўку па цёплай казытлівай шыі.

— Ну нябось… Ідзі, ідзі…

— Млека! Млека! — п'яна закрычаў хтосьці між немцаў, і не паспела яна з кароваю падысці да варотаў хлява, як памочнік кухара Карла, валюхаючы на сваіх караткаватых асадзістых нагах, ужо нёс шырокае бляшанае вядро. Ад кухні пазіралі сюды чалавекі тры і сярод іх той кругленькі рыжаваты фельдфебель, які і цяпер там мітусіўся, нешта крычаў ці камандаваў.