Читать «Знак бяды» онлайн - страница 37

Васіль Быкаў

— Пётра, глянь там, — шэптам сказала яна мужу, але той не скрануўся нават. — Чуеш?

— Ат!.. Не ўберажэш! Усё роўна…

— Як гэта — усё роўна?..

Яны ціха перагаворваліся так у істопцы, але нядаўні стрэл, мусіць, так скалануў нутро Петрака, што той быў нібы сам не свой. Нібы ў гарачцы ці якім здранцвенні. Іншы раз яна б насварылася на яго, але цяпер не было як сварыцца, ды і разумела: хапіла страху старому, і Сцепаніда хуценька глянула з сенцаў.

На падворку было пуста ўжо, толькі ля кухні, угнуўшыся цераз край, замываў кацёл Карла, яго злы кухар стаяў ля скрынак спіной да хаты і нешта калупаўся ў іх. Відаць, можна было выйсці — ці мала што магло быць у яе чыгунку, якая ім да гэтага справа?

Яна так і зрабіла — ціхенька шмыганула за істопку і па дрывотні ў зарослы дзядоўнікам гародчык. Парсючок, малайчына, нават не азваўся на яе крокі, толькі заварушыўся ў саломе, як яна пачала расчыняць нізкія дзверцы. Каб не затрымлівацца дужа, яна паставіла цераз парог чыгунок і сахой падперла дзверцы застаронка.

Парсючок памалу варушыўся сабе за дашчанай сцяной ды троху пляцкаў, амаль не падаючы голасу, а яна стаяла ў дзядоўніку і думала. Усё ж, чула яе душа, не дужа надзейны тут схоў, асабліва калі столькі людзей на падворку — выйдзе каторы хоць бы па патрэбе за рог і ўчуе. Во, ды яшчэ і куры! Неяк яна не падумала пра іх, і тыя сноўдалі цяпер па-пад плотам, за сцяной хляўка, дзядоўніку — нешта шукалі сабе, дзяўблі. І яна не ведала, як лепей: ці заперці ўсіх разам іх у хляўку, ці адагнаць куды ад сядзібы. Як бы тыя не палавілі іх, мусіць жа, не сляпыя, убачаць.

Але курэй пакуль што яна ратаваць не стала — болей баялася за Бабоўку, якую гэты раз кінула ў кустоўі разам з Янкавым статкам. Яна спалохалася, каб Янка не пагнаў статак на Выселкі, бо ўжо вечарэла, неба так і не выбавілася з-пад хмар, якія спрэс прыдушылі яго, нізка налеглі на шэры прастор і амаль не рухаліся з месца. Добра яшчэ, што было не сцюдзёна, учарашні вецер аціх, але ў мокрай траве было дужа няўтульна нагам, калі Сцепаніда выйшла з гарода. Па трохі прабітай у бульбянішчы сцежцы яна падалася на ўзровак і там узяла ўбок, таксама слабенькаю ў траве сцяжынкаю пад мокрым, пацярэбленым слатой хмызняком. Амаль подбегам шыбуючы па краі поля да Баранняга Логу, яна думала, што, мабыць, настане і горшае, што адным толькі перасяленнем у істопку не абыдзецца. Калі яны пастаяць на сядзібе доўга, дык ці мала што можа здарыцца, а гаспадарку абяруць датла, гэта ўжо пэўна. Як тады жыць? Як засцерагчы ад іх кароўку, парсючка, курачак? Збажыну якую ці бульбу, можа, не возьмуць, нашто ім, але дровы папаляць. Хіба назапасіш тады без каня? А як быць зімой?

Клопату было шмат, як і трывог, кепскае прадчуванне грызла душу, але знешне Сцепаніда трывала і выглядала спакойнай. Яна была не з тых баб, што па першай бядзе кідаюцца ў слёзы, яна прадчувала, што бедаў будзе зашмат для яе небагатых, некалі добра ўжо выплаканых слёз, што трэба паашчаджацца на хваляванні.