Читать «Знак бяды» онлайн - страница 108

Васіль Быкаў

— Маць тваю… Не паспелі адны, ужо другія…

Але тут ужо рабіць не было чаго, Пятрок адчуваў: ужо тут не адседзішся ў істопцы — трэба выходзіць на падворак.

— Ну?! — упёр вочы Гуж недзе ля яго ног, як толькі Пятрок ступіў цераз парог. — З бандытамі знюхаўся?

— Я? — няўцямна прамовіў Пятрок.

— Ты. А то чаму ж нямецкая каманда цэлую ноч аблаву рабіла?

— Аблаву? А мне адкуль ведаць? Я ў істопцы сядзеў. Яны ж во бачылі.

— Бачылі? — падняў позірк Гуж і торкнуў пальцам пад тын. — А во гэты? Як тут апынуўся?

— Хіба я знаю?

— Не знаеш? — Гуж пераступіў з нагі на нагу, перахапіў у другую руку вінтоўку. — Ану кліч бабу!

— Сцепаніда! — паклікаў Пятрок і саступіў убок з камянёў.

Сцепаніда неўзабаве выйшла, тужэй зацягнула хустку пад барадой і спынілася ў дзвярах, зябка хутаючыся ў ватоўку.

— З гэтым во кароў пасціла? — кіўнуў Гуж у бок тыну.

— Ну пасціла, — ціха сказала Сцепаніда, засоўваючы рукі ў рукавы ватоўкі.

— Хто яшчэ прыходзіў? Ну, да яго на пашу?

— А ніхто не прыходзіў, — сцішана адказвала Сцепаніда.

— Чаму ж тады гэты нямко пад кулю падлез?

— А я знаю, чаму?

— Ён не знае, гэта не знае! — узарваўся Гуж і спрытна перахапіў з рукі ў руку вінтоўку, пагрозна патрос ёю ў паветры. — Вы мне дурняў не корчыце. Я знаю. Наскрозь бачу абаіх. Асабліва цябе, акцявістка. Ужо тая вінтовачка тваіх рук не мінула, — працінаючы Сцепаніду злым позіркам, гырчэў Гуж.

Сцепаніда, затаіўшы дыханне, засяроджана пазірала кудысь пад ліпы.

— Сказаць усё можна, — уставіў сваё Пятрок. — Але грэх, не знаючы, на каго валіць. Мы тут во ў істопцы сядзелі. Шчытай, пад арыштам. Калі б што…

Фурманка стаяла ў двары, конік, панура апусціўшы галаву, мусіць, спаў, ля воза моўчкі стаяў туга перацягнуты дзягай па шынялі Каландзёнак. Закаціўшы вочы, здавалася, ён цалкам паглыбіўся ў сябе, але варта было Гужу павярнуцца да воза, як паліцай зноў стаў поўны ўвагі.

— Ладна, — сказаў Гуж. — Пасля. Цяпер няма як. Давай таго пацана ў воз, — спакайней сказаў ён Петраку і скіраваў да паркана. Каландзёнак кінуў лейцы на ахапак сена ў возе.

Зацяўшы страх у душы, Пятрок нерашуча падышоў да распластанага цела падлетка ў скарэлай цёмнай кашульцы, галава яго была закінута патыліцай у траву, і на скроні ля вуха прысох камяк гразі ці, можа, крыві; крывавыя пісягі на голым, выпацканым жываце таксама падсохлі ўжо. Падышоўшы, Пятрок аслупянеў, не ведаючы, як узяцца за хлопчыка, тады Каландзёнак ухапіў забітага за голыя парэпаныя лыткі ў караткаватых лапленых штанах і, нібы якую лясіну, безуважна павалок да фурманкі, разграбаючы ім смецце ў доле. Яначкавы рукі нязручна растапырыліся, галава на танклявай шыі трохі заварушылася, як у жывога.