Читать «Знак бяды» онлайн - страница 107

Васіль Быкаў

Ён думаў, што немцы забяруць хлопца з сабой — калі ж забілі, дык, мусіць, мелі ў тым нейкую мэту, не дзеля гульні ж тое. Аднак немцы ладкавалі сваё варахоб'е, да забітага ніхто з іх і не падыходзіў нават. Адзін толькі пажылы таўставаты немец у шынялі, з ранцам за плячыма і вінтоўкай на рамяні адышоўся крыху ад кухні і здалёку так угледзеўся — сумна ўгледзеўся — і, здалося Петраку, уздыхнуўшы, пайшоў да машыны пад ліпы. Карла, не зважаючы на зборы, рабіў сваю паўсядзённую справу: шураваў у топцы, падкладваў туды дровы, у катле нешта закіпала, і сырая пара густа шыбавала адтуль цераз тын па ветры. За гэтай парай Пятрок не адразу згледзеў фурманку, якая ціха неяк пад'ехала да варотцаў і стала ля машыны. З фурманкі саскочыла знаёмая даўгалыгая постаць Гужа ў рудой скуранцы, з караткаватаю вінтоўкай у руках.

Якраз у той час з сенцаў выйшаў афіцэр у сваім чорным цыратавым плашчы, спыніўся каля прыступкаў, азіраючы падворак, і Гуж умомант падляцеў да яго, няўклюдна выцягнуўся, як па камандзе «смірна». «От зараз дасць!» — зласліва падумаў Пятрок, успомніўшы яго ўчарашнюю сутычку з фельдфебелем, але, падобна было, сёння штосьці змянілася ў іх узаемаадносінах. Афіцэр круціў сюды-туды галавой, з акенца Петраку не было відаць ягоных вачэй, заслоненых шырокім казырком-капытам, але выраз ягонага твару, здаецца, быў дабрадушна-спакойны. Гуж нешта тлумачыў, а той, скупа якаючы, слухаў, а пасля падышоў бліжэй і падняў руку. Пятрок зноў адчуў кароценькую радасць: «Урэжа!» Ды не, не ўрэзаў — некалькі разоў з добрасцю паляпаў па плячы паліцая — гут, гут! Акурат як і ўчора яго за дбайна абсталяваны афіцэрскі клазет, які, відаць па ўсім, болей ім не спатрэбіцца. «Значыцца, чымсь дагадзіў паліцай, чымсь выслужыўся», — падумаў Пятрок, і ягоны ўзнёслы настрой пачаў хутка змрачнець — прыезд Гужа не абяцаў дабра. Асабліва яшчэ калі яго пахваліў афіцэр. Чакай цяпер новага ліха!

Немцы тым часам рухава выбіраліся, ужо ўсё пагрузілі ў машыну, павыносілі з хаты белыя складныя ложкі і пачалі чапляць за крук машыны грувасткую Карлаву кухню на гумовых колах. Чалавек пяць іх, тужачыся, кацілі яе да варотцаў, разварочвалі, а з топкі сыпаўся жар, і скрозь патыхала дымам, вецер круціў на падворку космы стылае пары. Гуж памагаў там, а Пятрок стаяў ля акна і думаў: «Ірві кішкі, каці, а я не пайду, і не выйду, калі не выганяць, вочы б мае не бачылі вас, злыдняў. Пастралялі курэй, забілі карову, застрэлілі хлопчыка — за што? Хіба гэта па-людску? Калі не людзей, дык пабаяліся б Бога, Бог жа ўсё бачыць. Мусіць, ён ім яшчэ спомніць іхнія зладзействы на чужой зямлі».

Урэшце ўсё было скончана, усе там пазалазілі пад брызент на машыну, фельдфебель трушком апошні раз абабег падворак і таксама палез у кабіну. Пра гаспадароў, дзякаваць Богу, яны не ўспомнілі, не развіталіся, значыць, не мелі патрэбы. Гаспадары тым болей. Цяжка валюхаючы па калдобінах, вялізная машына, з кухняй, пасунулася да гасцінца. Пятрок ужо хацеў быў перахрысціцца з палёгкай, як у той час у варотцы з-пад ліпы з гарода, нязручна выварочваючы перадок, увапхнуўся рыжы конік з фурманкай, у якой тузаў лейцамі паліцай Каландзёнак. Гуж, адразу набыўшы звераватую рашучасць у рухах, ужо па-гаспадарску паказваў, куды трэба заехаць і дзе стаць на падворку. Пятрок ад прыкрасці злосна харкнуў у кут.