Читать «Знак бяды» онлайн - страница 110

Васіль Быкаў

— Трэба дванаццаць, душу з вас вон! Чуеце?! — раптам пачаў звярэць Гуж. — Трэба шавяліцца, а не гультаяваць, не за Саветамі вам! Перакурваеце, мусіць, зашмат?

— Ды мы…

— Ніякіх перакураў! Дацямна каб засыпаць шашу. Ты! — кіўнуў ён Каландзёнку. — Злазь і сачы. Каб ніхто нікуды! Работаць мне, работаць!!!

Каландзёнак паклаў лейцы на воз і выцягнуў з-пад сена сваю даўгую вінтоўку. На яго месца сеў Гуж. Напаследак ён абвёў ненавісным позіркам яміну і трох прыціхлых мужыкоў у ёй, згледзеў Петрака на ўзбочыне.

— Ты, Багацька, — у падмогу! І шнэль, шнэль, шнэль! Панятна?

Фурманка з Гужом пакаціла да рэчкі, нехта з мужыкоў прабурчэў штось незадаволена, нехта ўздыхнуў. Пятрок па сыпучым адхоне сышоў у яміну і ўзяў рыдлёўку з надламаным тронкам, што тырчэла збоку ў пяску. Угары над імі стаяла недагружаная фурманка, а ля яе з вінтоўкай пад пахай, як вартавы, слупам застыў Каландзёнак. Ягоныя вочы зноў закаціліся пад павекі, здаецца, у думках ён далёка паляцеў адгэтуль.

Наўрад ці хутчэй, чым дагэтуль, яны пачалі кідаць жвір угору, у фурманку. Кідаць было нязручна, высока, яміны сталі даволі ўжо глыбокія, блізка ад дарогі жвір выбралі і капалі ўсё далей. Пятрок хутка ўгрэўся, стала гарчыць у грудзях, ён запаволіў тэмп, а пасля і зусім прыпыніў працу, абапёрся аб тронак рыдлёўкі. Але толькі ён разы два спакайней уздыхнуў, як на абрыве страпянуўся Каландзёнак.

— Капаць!

— Дык гэта… Змарыўся ж. Аддыхнуць…

— Капаць!!!

— Дык гэта… Сынок…

«Сынок», аднак, ужо ўхапіў вінтоўку і зашчоўкаў затворам, гатовы стрэліць. Пятрок крыху спалохаўся, рукі самі схапіліся за тронак рыдлёўкі, ён кінуў трохі жвіру ў фурманку, і Каландзёнак апусціў вінтоўку прыкладам у дол. «Ну і гад! — падумаў Пятрок. — Чаму яго маці не прыдушыла малога? Гэты ж горш за Гужа. З тым хоць пасварыцца можна, неяк апраўдацца, а гэты адразу хапаецца за вінтоўку».

Накапаўшы вазы чатыры, Пятрок трудна выпрастаўся — гружаны воз выязджаў на дарогу, здаецца, болей вазоў не было, можна было б трошкі спачыць. Але не паспеў ён узрадавацца, як з-за павароту зноў застукацелі колы, і неўзабаве прыезджы ўжо асаджваў задам каня, зручней падстаўляючы воз. Гэта быў Карніла з Выселак, як заўжды, стрыманы, негаваркі, ладна апрануты ў яшчэ мала ношаную шэрую суконную паддзёўку. Апошнім часам Карніла адпусціў чорную касмылявую бараду і выглядаў дзед дзедам, хоць быў на пяць год маладзейшы за Петрака.

Яны ўжо шмат год не віталіся і не размаўлялі, але цяпер Карніла, згледзеўшы ў яміне Петрака, стрымана кінуў «дзень добры», і Пятрок неяк радасна загаманіў:

— Дзень добры, ага. Тожа выгналі, з канём нават?

— Ды ўжо во чацвёрты дзень рупімся, — сказаў у бараду Карніла, таксама беручы з воза рыдлёўку. — Спяшаюцца, мост трэба.

— Каму трэба, а нам дык згары ён ясным агнём, мост гэты.