Читать «Знак бяды» онлайн - страница 109
Васіль Быкаў
«Божа, Божа! — жахнуўся Пятрок, млосна ідучы следам. — Што дзеецца!..»
— Бяры, што стаў! — гыркнуў здаля Гуж, калі яны спыніліся ля фурманкі. Сам, аднак, не падступіўся да хлопца — круціў з самасаду цыгарку.
Удвух з Каландзёнкам яны паднялі трохі цяжкаватае, ужо апруцянелае Янкава цела, паклалі яго ў фурманку.
Каландзёнак трохі захінуў яго сенам, болей дзеля прыліку, усё роўна было відаць, хто ў возе. Пятрок думаў, што цяпер яны паедуць, і ўжо адышоўся трохі ўбок, каб не замінаць фурманцы, як Гуж выпаліў:
— Ты тожа з намі!
— Куды?
— На работу. А што ж! Пазагаралі, як на курорце, цяпер на работу! Мост дарабляць. А як жа? Вунь местачкоўцы каторы дзень укалваюць, а вы тут запанелі пад бокам у немцаў.
«Каб ты так усё жыццё панеў, смоўж пракляты!» — паныла падумаў Пятрок, ведаючы, аднак, што прыйдзецца ісці. Ужо гэтага не ўпросіш, асабліва пасля таго, што тут здарылася, на гэтай сядзібе. Добра яшчэ, што не заарыштаваў назусім, а толькі выганяе на работу.
Лаючыся ў душы, Пятрок пайшоў за фурманкай, у якую ўжо на хаду ўскочылі паліцаі. Каландзёнак кіраваў канём, а Гуж сядзеў ззаду, ледзь не да зямлі звесіўшы даўгія ногі, і цікаваў за Петраком, каб не ўцёк, мусіць. Але куды было ўцякаць? Пятрок тут пражыў паўжыцця, выгадаваў дзяцей, пазнаў столькі турбот, страху і гора, а можа, трохі і радасці ў маладыя годы, як далі зямлі, агораў сваю гаспадарку. Куды было ўцякаць? Ён быў чалавек ціхі і мусіў рабіць усё, што ні скажуць, у іх была сіла, а што было ў яго? Спрацаваныя рукі, раматус у нагах ды немаладыя гады за плячыма, што ён мог выставіць насуперак ім? Хіба дзе схітрыць трошкі, але і то з немцамі — з гэтымі ж не надта і схітрыш, гэтых не ашукаеш.
Ды і з немцамі тыя хітрыкі абярнуліся ліхам, лепш бы без іх. Лепей папраўдзе ўжо, у адкрытую.
Фурманка абмінула лужыну на завароце з гасцінца і ўз'ехала на лепшую дарогу, а Пятрок пашкандыбаў сабе сцежкаю за канавай. Тут пачынаўся ўжо сасоннік, а за ім будзе паваротка і той мост. Хай ён прападзе, гэты пракляты мост, колькі праз яго напасцяў на іх Яхімоўшчыну. Як было добра, калі ён быў зруйнаваны бомбамі і два месяцы ніхто тут не хадзіў і не ездзіў. А цяпер… Цяпер будзе пекла, гэта пэўна ўжо.
Але да моста яны не даехалі, не даехалі нават да павароткі.
Збоч ад гасцінца ў сосонніку, дзе некалі высялкоўскія мужыкі ды і местачкоўцы капалі на якую патрэбу жвір, цяпер стаяла са тры фурманкі, і некалькі мужыкоў лена кідалі ў іх з ямы. Каландзёнак збочыў да краю дарогі і спыніў каня. Гуж саскочыў з фурманкі. Мужыкі перасталі капаць, нехта адзін, а за ім і астатнія па чарзе нерашуча сцягнулі з галоў шапкі і знерухомелі перад паліцаем.
— Што так марудна? — строга запытаў Гуж. — Колькі вазоў адправілі?
— Шэсць, здаецца, — сказаў лысы мужчына, з тварам, густа зарослым сівым шчаціннем.
Пятрок пазнаў у ім Ігната Дубасея з Заграззя. Некалі, яшчэ да калгасаў, Дубасей вырабляў аўчыны, і Пятрок хадзіў да яго, як надумаў пашыць кажушок, во гэты самы, што быў у яго на плячах. Цяпер, з няпэўнасцю стоячы на дарозе ля яміны, ён не ведаў, як быць, ці, як усе, зняць шапку, ці стаяць, як стаяў. Але каб залішне не вылучацца ад іншых, таксама ціхенька сцягнуў з галавы суконную кепку.