Читать «Знак бяды» онлайн - страница 106

Васіль Быкаў

Пятрок прыліп да акенца — дужа цікава было ўведаць, што там яшчэ адбываецца. Сцепаніда ж, з выгляду абыякавая да ўсяго, сядзела на сеннічку, падпёршы плячмі бёрны сцяны. Вочы яе былі прыплюшчаны, але па тым, як яна час ад часу расплюшчвала іх, Пятрок здагадваўся, што яна не спала — як і ён, яна пільна ўслухоўвалася ў тое, што рабілася на падворку.

На гэты раз толькі два ці тры немцы таропка памыліся з кацялкоў ля калодзежа, іншыя выходзілі з палаткі ўжо ў шынялях і нават з вінтоўкамі ў руках, некаторыя з ранцамі, сумкамі і нетаропка, бы чакаючы чаго, спыняліся на падворку, гаманілі і закурвалі. Падобна было, што ні на работу, ні снедаць яны не збіраліся, і гэта навяло Петрака на думку, ад якой ён ажно скалануўся ў радасці.

— Баба, а баба, чуеш? Яны ж выязджаюць!

— Жджы, выедуць табе.

— Яй-богу, выязджаюць. Глядзі, майно з палаткі выносяць. Вунь да машыны…

То была праўда, яны вывалаквалі нейкія скрынкі, клумкі з палаткі і кідалі іх цераз задні борт у машыну. Яшчэ праз хвіліну два салдаты вырвалі некалькі калкоў з зямлі, і тугі горб палаткі абвяў, зморшчыўся і апаў долу.

— Ага — вымятаюцца-такі! Ай, дзякаваць Богу! — апанавала нечаканая радасць Петрака, і Сцепаніда, прыўстаўшы, зірнула ў акенца. Але, мусіць, найперш згледзела яна не тое, што ўзрадавала Петрака.

— Ляжыць… Хоць бы прыкрылі чым. Як скаціну якую. Звяры!

Ведама, гэта яна пра Янку. Але Пятрок нават баяўся пазіраць туды, пад паркан, дзе бялеўся апалы жывот падлетка, да якога цяпер, здаецца, ні ў каго з іх не было ніякае справы. Забілі і кінулі. Але за што? Вядома, нямко, няцяжка забіць: глухі, вокрыку вартавога не чуе, сам сказаць нічога не можа. Але за што забіваць? Што ён зрабіў ім благога?