Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 60

Павел Андреевич Мисько

— Добрай ночы, Малу! — і памкнуўся ісці.

— Якая там добрая! З дэльфінамі штосьці робіцца. Непакоіліся, плюхалі ўсю ноч. І цяпер збіліся ў кучу, а каб пасвяціць добра, няма чым… Я ўжо думаў, мо які злодзей забраўся, ці што…

— Мо на перамену пагоды. Цыклон яны добра чуюць… А мо касаткі падплывалі да перамычкі? Іх таксама чуюць.

— Скажаш! У канале для касатак мелка, не палезуць яны туды. — Малу таксама ўжо трохі разбіраўся ў тым, што тычылася жыцця дэльфінаў і іншых марскіх жывёл.

— Не палезуць, твая праўда. Ну — то хай хоць астатак ночы пройдзе спакойна. Бывай!

Раджу хацелася хутчэй забрацца ў сваю камору-склад, паспаць хоць пару гадзін. Добра, што містэр Крафт не забараняе карыстацца складам як кватэрай. Мо мяркуе, што лішні чалавек ноччу на тэрыторыі дэльфінарыя не зашкодзіць. Ці мала што можа быць?

«Хоць ключ не згубіў?» — лапнуў па кішэнях штаноў. Не, во ён, у правай… Ледзь выблытаў яго, давялося сырую кішэню выварочваць.

Зняў замок, дзверы за сабою зачыніў, узяў на зашчапку. Уключыў святло — і адразу да тапчана. Ён адкідваецца, прыпінаецца верхам да сцяны, прыхопваецца брызентавым рамянём. Адшпіліў, адпрастаў ножкі, апусціў. Уздыхнуў стомлена, зараней смакуючы, з якою асалодаю ён выцягнецца на ўвесь рост.

Стомлена прысеў на краёчак…

Знаёмыя пахі прапыленых жалязяк, сыраватых гідракасцюмаў, жыллём зусім не пахне. Абвёў позіркам камору — усё знаёмае, усё, здаецца, на сваім месцы.

І адчуў, што будзе не да сну. Трэба прыводзіць у парадак завэдзганыя калашыны штаноў, мо нават лепш замыць іх прэснаю вадою, высушыць прасам, каб не было солевых плям і разводаў. Трэба яшчэ пашукаць, дзе старая тэніска. Давядзецца яе зацыраваць, памыць, папрасаваць. Не можа ён з'явіцца раніцаю на вочы містэру Крафту, адзеты не па форме. Патрабуе містэр, каб у рабочы час усе работнікі дэльфінарыя трымалі «трэйд марк» — фабрычную марку. Можна было б, вядома, і выхадныя штаны надзець, ёсць у Раджа яшчэ адны штаны. Але ж абы-калі адзяваць іх шкада, дый вельмі ж вялікі кантраст будзе паміж зацыраванаю тэніскаю і святочнымі штанамі.

Скупаваты містэр Джэры… Адну тэніску выдае на паўгода, хоць цана ёй усяго нейкіх два-тры долары. Гэта ў Раджа толькі атрымліваецца, што яшчэ і эканоміць, бо шмат часу даводзіцца хадзіць толькі ў плаўках ці ўвогуле быць з аквалангам пад вадою.

Схадзіў у душ, набраў у тазік прэснай вады. Далей рабіў усё як заведзены. А думкамі быў ужо далёка ад таго, што рабіў.

Сённяшні абстрэл з аўтамата (гэта шчасце, што не закранула куля) адразу супаставіў з колішнім стрэлам з падводнага ружжа. Вывад напрошваўся сам: ці не звенні гэта аднаго ланцуга?

Успомнілася, як апрацоўваў яму тады рану ў гатэлі ўрач.

«Вам у бальніцу трэба, у Свійттаўн. Зашыць трэба рану, а то вялікі шрам застанецца, — гаварыў урач на развітанне. — Калі сёння не зможаце, то заўтра — абавязкова. Вам рахунак на дэльфінарый высылаць?»

«На дэльфінарый. Толькі не мне, а на імя містэра Джэральда Крафта», — сказаў Радж.

«А чаго? — думаў ён, выходзячы з «Сэльюта». — З-за Крафта мяне скалечылі, Крафт мяне пасылаў — хай і аплочвае паслугі ўрача».