Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 62

Павел Андреевич Мисько

«Містэр Крафт, я з імі не задзіраўся. Я ўжо знайшоў быў больш-менш прыстойны грот, а тут яны… напалі…»

«Радж, я цябе не віню. Я нават спачуваю табе, шчыра спачуваю… Я гатовы нават папрасіць у цябе прабачэння, што штурхаў на такую авантуру, пасылаў на пагібель…»

«Доктар за апрацоўку раны прышле рахунак на ваша імя».

«Ах, мой божа! Але я заплачу, Радж, ты не турбуйся».

«Казаў, што трэба мне ў бальніцу ў Свійттаўн. Каб аперацыю зрабілі, зашылі рану».

«Божа, божа, гэтага яшчэ не хапала!»

«Я рашыў не ехаць у кэпітл, не патрабаваць ад вас такога лячэння. Але…»

«Радж, містэр Радж… Я заўсёды лічыў цябе прыстойным чалавекам. Ты не такі, як Судзір… Той аформіў заказ на сувенірныя дэльфінчыкі, сам іх прыносіць у дэльфінарый і лічыць, што робіць вялікую ласку, патрабуе прыбаўку да зарплаты».

«Містэр Крафт, я хачу, каб вы не прымушалі мяне рамантаваць лодку».

І Радж расказаў ужо больш падрабязна пра ўсё. Як крычалі на яго з катэра выратоўчай службы, каб не лазіў у заходніх сектарах, як убачыў праламаны і ўтоплены ялік, а да таго, да ўдару гарпуном — падазроны кантэйнер…

«Ці няма сувязі паміж усімі гэтымі здарэннямі?»

«Усё можа быць, усё можа быць… О божа, хутка не будзеш ведаць, на каго можна са сваіх работнікаў разлічваць, а хто суне табе нож пад рабро».

«Можа, паліцыі заявіць?»

«Пра што?!» — зноў збялеў Крафт.

«Ну… пра ўсё! І пра тое, што пад вадою бачыў. Можа, гэта ў іх якая перавалачная база наркотыкаў?»

«Барані цябе божа! Ты гаворыш сёння, як маленькі… Пэўна, у цябе тэмпература паднялася… Ты б пайшоў, паляжаў, га?»

Раджа, і праўда, не трымалі ногі. Перад сталом Крафта стаяла мяккае крэсла і звычайнае, але містэр прысесці не запрашаў.

«Я-то пайду, але ж… Калі так папускацца… Ды куды, зрэшты, глядзіць паліцыя? Чаму не вядзе з гэтымі трыядамі барацьбу?»

«Ах, наіўны, наіўны малады чалавек… Хіба ты не чуеш і не бачыш, што робіцца навокал? Гэта не архіпелаг Вясёлы, а… І які дурань даў яму такую назву? Гэта… гэта… гняздо піратаў і бандытаў! Заявіш, то не паспее паліцыя і двух крокаў ступіць, а «трыяда» ўсё будзе ведаць. А яна ж не цырымоніцца… Я праклінаю той час, калі не паехаў у метраполію, услед за дочкамі… Тады, як гэтая ваша самастойнасць тут стваралася. Дурны, пашкадаваў укладзеных капіталаў. А тут не столькі заробіш, як страціш тое, што меў. Жабраком хутка пусцяць па свеце! Божа, божа, хай бы я лепш купіў які гатэль, спакайней было б…»

Любіў паплакацца Крафт, выклікаць спачуванне. Не ведаў толькі Радж, ці з усімі сваімі работнікамі містэр пускаўся ў такія разважанні, ці ўсіх спрабаваў расчуліць, каб не вельмі патрабавалі павышэння платы, пашкадавалі яго, бедненькага.

Але трэба быць справядлівым: пакуль загойвалася рана, Крафт не пасылаў Раджа на падводныя прагулкі з аквалангам. Толькі ўздыхаў голасна, ламаў рукі: такія страты нясе, такія страты!

«Спачатку пазашываць, пацыраваць, а потым мыць ці наадварот?» — падумаў быў Радж, знайшоўшы старую тэніску, і вырашыў, што спачатку трэба зацыраваць. А то пакуль памые, то яна раз'едзецца на рэшата.