Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 59
Павел Андреевич Мисько
«Джэнцельмен» не азірнуўся назад ні разу, часам паварочваў галаву ўлева, нібы звяраўся з нумарамі дамоў.
Насупраць дома нумар пятнаццаць каля тратуара стаяў легкавік з задраным капотам. У маторы корпаліся два мужчыны, іх выпучаныя спіны таксама былі ў плямах ад поту.
Пакуль Янг разглядваў парачку, а потым дзядзькоў-рамонтнікаў, зусім забыў пра тое, што «джэнцельмен» павінен узяць баул у левую руку. Хуценька параўняўся з ім…
— Можа, вам памагчы? — спытаў тое, што трэба было.
«Джэнцельмен» скасіў на яго вока, галавы не павярнуў. Працадзіў скрозь зубы:
— Вот ду ю вонт, кідзі? Ай дон'т андэстэнд ю! Гэтага Янг ніяк не чакаў.
— Дзядзечка…
— Згінь, смаркач! Памочнік знайшоўся…
Янг зусім разгубіўся: усё не тое гаворыцца! Але паспеў яшчэ сказаць:
— Вам не ў «Санта-Клару» трэба!
Тыя двое, што старанна рамантавалі машыну, раптам апынуліся спераду, на тратуары, наставілі ім у жываты пісталеты. Янг роспачна азірнуўся: Пуола не было — як скрозь зямлю праваліўся!
Ззаду на іх таксама зеўралі зрэнкі двух пісталетаў. Адзін трымала паненка ў «сары», рукаў заехаў да локця, агаліўшы валасатую руку.
З машыны выйшаў высокі афіцэр у паліцэйскім мундзіры, гулліва пазвоньваючы наручнікамі.
Раздзел шосты
Дзесьці ў зялёнай зоне дэльфінарыя жаласліва, нібы спалоханае дзіця спрасонку, ускрыкваў паўлін.
Радж спыніўся каля варот. Палавінкі іх, звараныя з жалезных прутоў, правіслі ў двор і, каб не стрымліваў іх вялізны ланцуг з замком, расхіліліся б пад цяжарам насцеж. Злева, упрытык да варот, вартоўня-прахадная. Частка яе адгароджана глухою сцяною, з двара ў яе свой ход, там каса прадаваць білеты.
У вартоўні святла няма. Мо спіць Малу, а мо пайшоў рабіць абход тэрыторыі дэльфінарыя. Радж не захацеў стукаць у акно вартоўні — хай лепш Малу не ведае, калі ён вярнуўся з Біргуса.
Адышоў далей ад варот, палез на агароджу — частакол з жалезных пікаў, высокі — два з паловаю метры. Пераадолеў без цяжкасці, завіс на руках з унутранага боку, потым спусціўся. Гэпнуў цяжкавата — зямля з таго боку была намнога ніжэй.
Убачыў Малу, калі звярнуў з алеі на мосцік праз канал. Вартаўнік спускаўся з трыбун вялікага басейна і, здаецца, хістаўся.
— Хэлоў! — падаў Малу вясёлы голас. — Ты, Радж?
— Я.
— Ну й выгляд у цябе сёння… Хіба якія жулікі раздзелі? І мокры ты, ці што?
— Ага, — адказаў Радж, чуючы, як загарэўся твар. — У штанах купаўся.
— І са мною раз такое было… — хацеў расказаць вартаўнік гісторыю, але Радж суха развітаўся: