Читать «Грот афаліны» онлайн

Павел Андреевич Мисько

Павел Місько

Грот афаліны

Частка першая

Вясёлы архіпелаг

Раздзел першы

1

Чуткі пацвердзіліся: султан Муту (каб яму жыць яшчэ сто гадоў і ўсе сто ракам поўзаць!) прадаў іх востраў, іх любімы Біргус, амерыканцам за паўмільёна долараў. Казалі, быццам султану не хапала грошай на новыя ножны для крыса. А ножны не простыя — адлітыя з золата і ўпрыгожаныя брыльянтамі. Такі крыс — сімвал Вярхоўнай улады. Падобныя крысы ёсць толькі ў раджы Яго Вялікасці Вярхоўнага Правіцеля Малайзіі і ў брунейскага султана. Далёка Малайзія і Бруней, не адна тысяча кіламетраў. Той-сёй называў іншую прычыну продажу: любіў Муту наладжваць пышныя шэсці і прадстаўленні, вельмі падабалася, як неслі яго расквечаныя партрэты, вадзілі двух купленых для такіх урачыстасцей белых сланоў. Дык дзіва што будзе пустая казна!

Людзі сядзелі пад баньянам, Дрэвам Сходаў. Прыйшлі нават жанчыны і дзеці, хоць іх ніколі сюды не пускалі. Немаўляты і гадавалыя малышы былі ў мацярок на руках, гучна смакталі грудзі і зіркалі вачанятамі на людзей. На добры лад, то хіба тут месца жанчынам і дзецям? Тут толькі старэйшым мужчынам дазвалялася мудра маршчыніць ілбы і чухаць патыліцы.

Зноў і зноў змушалі хадакоў расказваць, як усё было на Галоўным востраве, у Свійттаўне, як іх прынялі ў султанавым палацы, што гаварылі. Ні стараста Ганеш, ні дзед Амос, ні дзядзька Амат не маглі нічога дадаць да свайго расказу. Усё здавалася дужа неймаверным, неверагодным, і ў людзей адымала мову. Зусім нядаўна англійская каралева падаравала архіпелагу самастойнасць. Утварыўся султанат, архіпелагам стаў кіраваць султан, а не англійскі губернатар. Але ж хіба для таго займеў султан уладу, каб распрадаваць архіпелаг па частках?! Хоць і многа ў ім астравоў, а з атоламі і атольчыкамі не адна сотня набярэцца, але ж куды дзецца людзям?

Янг чуў, як горача дыхае яму ў голыя плечы маці, гладзіць яго па галаве, супакойвае. А як ты супакоішся, калі і моладзь хвалюецца? Стаяць юнакі і дзяўчаты, падпёршы плечукамі карані-ствалы баньяна, і гудуць, гудуць…

— …Я чую, што вы зноў нам не верыце! — падслепаваты Ганеш загарачыўся, шапялявячы, запырскаў чырвонаю ад бетэлевай жвачкі слінаю. (Янгу здалося, што Ганешу яшчэ там, на Галоўным, стукнулі кулаком у зубы, і ён дасюль сыходзіць крывёю). — Забіце мяне тут, пад гэтым дрэвам, калі не верыце! Я хачу памерці на сваёй зямлі… Хіба вы сталі сляпыя і глухія? Хіба вам зацягло бельмамі вочы, як мне? Няхай я ўжо кепска бачу, але ж затое добра чую і нюх маю. Паслухайце і вы! Паслухайце!.. — Ганеш, ацішваючы людзей, падняў угору скурчаны палец, знявечаны некалі ўкусам змеепадобнай рыбы мурэны.

Не трэба было і сцішвацца. Ужо трэція суткі дзень і ноч, у некалькі змен вішчалі лябёдкі, раўлі і грукалі маторы, чуліся выкрыкі-каманды на англійскай мове. У бухце, якую стварыла лагуна іх вострава-атола, выгружалі ўсякія скрыні і скрынкі, а таксама вялізныя часткі машын, абабітыя з усіх бакоў дошкамі. Паўзлі бульдозеры, падобныя на танкі без вежаў і гармат, з велізарнымі адваламі-нажамі, скрэперы і экскаватары-пагрузчыкі, машыны-самазвалы. Скрыні і скрынкі згружалі з мотаботаў, розныя машыны — з матарызаваных пантонаў-пляцовак. Бульдозеры спаўзалі на бераг сваім ходам, ледзь толькі салдаты паспявалі замацаваць пантоны ды пакласці шырокія пандусы-з'езды. А на рэйдзе, за ўваходам у лагуну, стаяла самаходная аграмадзіна баржа, у карме яе адкінулася, як пад'ёмны мост, сценка, зеўрала цёмная чатырохкантовая дзіра. З палубы баржы і з яе бяздоннага чэрава і браліся ўся гэтая тэхніка і скрыні. Чужынцы спяшаліся, мо баяліся, каб султан не перадумаў, не пачаў патрабаваць назад купчую паперу.