Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 58
Павел Андреевич Мисько
— То т-так вам і трэба, мне больш будзе, — схаваў карабок. — А ты ідзі, ідзі, шустрык. Мне во з ім трэба па-зямляцку паталкаваць, — Пуол асцярожна азірнуўся па баках.
— Мы разам, і нікуды ён не пойдзе, — натапырыўся Янг.
— Што — не магу я пару слоў сказаць земляку з вока на вока? — Пуол тузануў барадою і зноў азірнуўся. — Праз пяць мінут адпушчу.
— Янг, я закажу і буду чакаць, — кінуў яму, ідучы да дзвярэй «Трыдакны», Абдула.
Янг кіўнуў і хмурна ўталопіўся на Пуола.
Той стаяў так, каб прычалы з цеплаходам заставаліся ў яго злева і можна было туды касіць вокам. Янга развярнуў спінаю да «Трыдакны», а потым, нібы перадумаўшы, павёў за локаць у напалову расчыненыя дзверы падваротні дома, суседняга з харчэўняй. Выглядваючы ў шчыліну на плошчу, Пуол сказаў:
— Я ведаю, што ты смелы і сумленны. А ці ведаеш ты, што на гэтым можна зарабіць?
— Гавары, што табе трэба! Прысмактаўся, як п'яўка… — Янг нецярпліва пераступаў з нагі на нагу. Даць бы дзёру адсюль! Але Пуол зноў узяў яго за локаць, пакруціў барадою.
— Мне хочацца, каб ты зарабіў сабе на туфлі, а не хадзіў босы… — Пуол балюча наступіў наском новага туфля Янгу на пальцы, і той войкнуў. Хлопчыку ўжо хацелася ўдарыць яго галавою пад дых, і пакуль бы Пуол корчыўся і стагнаў, уцячы. — У цябе грошай колькі?
— Колькі ёсць, усе мае!
— Дурань, я хачу ведаць, ці зможаш ты мне даць рэшту. Каб на месцы і разлічыцца. А то ў мяне б-буйная купюра… Во! — паказаў пяцьдзесят долараў.
Янг дастаў свае, нават дробязь. Пуол узяў папяровыя, пералічыў.
— Малавата… Але няхай, іншым разам падкінеш мне яшчэ якую пяцёрку ці дзесятку. Значыць, так: во, у левай кішэні ў мяне пяцьдзесят долараў. Яны твае. У правай — восем долараў, што ты даў,— мае. Яны будуць мне як рэшта з пяцідзесяці долараў. Каб ты не ўцёк з паўсотняй, не даўшы мне здачы, я іх патрымаю пакуль што ў сябе.
— Хітранькі! А тады шукай цябе, як рыбу ў моры… Аддавай назад мае!
— Цішэй, дурань. У нас ужо няма часу спрачацца. Вунь, бачыш, прастуе сюды джэнцельмен у шапачцы з доўгім казырком, шортах і з ружовай касынкай на шыі? Рыжы баул у правай руцэ…
— Ну… — прынік Янг да шчыліны ў варотах.
— Ён зараз пойдзе па Партовай, ты — за ім, я — на адлегласці па другім тратуары, назіркам. Каля дома нумар пятнаццаць ён возьме баул у левую руку. Ты прынаравіся, каб у гэты час якраз апынуцца побач з ім. Скажаш: «Можа, вам памагчы?» Ён павінен адказаць: «Нічога, нічога… Тут ужо недалёка. У гатэлі адпачну». Ты: «А ў які гатэль вам трэба?» Ён павінен сказаць: «Санта-Клара». Ты адкажаш: «Там ужо месц няма. Вам трэба ў «Ганконг», ваш апартамент сорак першы». Паварочваешся назад і ідзеш да мяне па грошы. Усё запомніў?
— Усё.
— Будзь вельмі ўважлівы. Калі возьме баул у левую руку не каля дома нумар пятнаццаць або ўвогуле трымацьме ў правай — не падыходзь. Ну — пайшоў! А то адстанеш… — Пуол злёгку шлёпнуў яго ніжэй спіны.
«Джэнцельмен» з ружовай касынкай ужо ішоў спружыністым крокам па Партовай, па левым тратуары каля дамоў з няцотнымі нумарамі. Янг паглядваў на рагі дамоў, прыспешваў хаду. Адлегласць скарачалася… Замінала толькі сачыць за незнаёмцам у шортах парачка, якая выйшла аднекуль на тратуар і старанна тупацела перад Янгам. Дзевяты нумар дома… Адзінаццаты… Янг азірнуўся: метраў на дваццаць ззаду па гэтым жа тратуары ішоў гладка прылізаны піжон з вусікамі, пакручваў у правай руцэ стэк. Пуол трымаўся на правым тратуары далекавата. Вось ужо трынаццаты дом… Янг рашуча абагнаў парачку, закаханыя больш не трымаліся пад ручку, размахвалі рукамі. Жанчына здалася надта ж шыракаплечай, з цёмнымі плямамі поту між лапатак і пад пахамі доўгай, падобнай на індыйскае сары, дзіўнай сукенкі з рукавамі.