Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 61

Павел Андреевич Мисько

Сілы брысці праз увесь горад, ды яшчэ з аквалангам, голаму, не было ніяк. Давялося браць веларыкшу, а потым прасіць Гуга, каб вынес таму рыкшу грошы.

Хацелася тады толькі ляжаць, ляжаць і не варушыць ні рукою, ні нагою. І піць хацелася… Смактануў сцепленай вады і не столькі пракаўтнуў, колькі папаласкаў у роце, сплюнуў гаркату. Трошачкі адчуў сябе лепш, выйшаў на паветра. З акна кабінета Крафта яшчэ падала святло. Зайшоў з тарца ад мора, дзе тулілася да сцяны, вяла на другі паверх зробленая са шчыльна падагнаных адна да адной бамбукавых палак скрыпучая лесвіца. Нёс Крафту паказаць трафейны гарпун, ішоў паказацца сам.

Ну і перапужаўся ж тады містэр Джэры! Мо падумаў, што да яго завітаў які прывід-гангстэр ці сам Дэйві Джонс. Угнуўся, нібы хацеў зрасціся са сваім сталом, прыхавацца за кучу папер-рахункаў. Шырокі твар з тарбаватымі шчокамі і носам, як арэх кеш'ю, збялеў.

«Май бой! Мой хлопчык… Ці ты гэта? Што здарылася?» — Крафт утаропіў вочы на яго ўбінтаваную галаву.

«Вось… — працягнуў яму гарпун. — Пачаставалі пад вадою. Пад сківіцу дзёўбнулі… Каб крыху ніжэй ці вышэй, то і капут. Камусьці мы перашкаджаем сваімі пошукамі грота».

«Май бой!.. — містэр Крафт асцярожна працягнуў руку да гарпуна, паволі ўстаў. Адстаўляў гарпун падалей ад вачэй, і рукі дрыжалі. Правёў позіркам ад наканечніка стралы да пачатку, дзе яшчэ тырчаў капронавы хвосцік ліня. — Расплываецца ў вачах, нічога не бачу…»

«А вы акуляры надзеньце».

«Ага, ага… — Крафт узбіў на нос акуляры. Малы нос амаль схаваўся за вялізнымі блакітнаватымі шкельцамі. Зноў угледзеўся ў тое месца стралы каля ліня, і рукі яшчэ больш задрыжалі, закруціў галавою: — Ноў-ноў… Не можа гэтага быць!..»

«Чаго не можа быць, містэр Джэры?»

«Паглядзі ты, у цябе вочы маладзейшыя. Што тут выбіта — дзве дабл ю, «WW», ці дабл ю і ві — «WV»?»

Радж падышоў, схіліўся да стралы. Цяпер ён ужо добра разгледзеў чаканку.

«Дабл ю і ві — «WV».

«О, божа мой! «Уайт вайпэ»… «Белая змяя»… «White viper».

«Што гэта значыць, містэр Крафт?»

«Усё роўна, як ты з неба зваліўся. Мы сталі на дарозе «Белай змяі» — «трыяды чайна», кітайскіх піратаў і бандытаў, гандляроў наркотыкамі».

«А калі было б дзве дабл ю — «WW»?»

«White women»… «Уайт вумэн» — «Белая жанчына». Такая самая ліхаманка і трасца… Дабламі іх завуць. Тыя ж самыя рыф-рэф, падонкі грамадства… Толькі кажуць, што баба імі кіруе, еўрапейка. Яны некалі былі адной трыядай, а потым раскалоліся на дзве, варагуюць паміж сабою. Яны варагуюць, а ў нас ілбы трашчаць. То адной трыядзе выкупы плацілі, а цяпер яшчэ і другая банда аб'явілася, і той давай. Ніяк не могуць падзяліць сферы ўплыву… Да галечы давядуць, да разарэння!.. О, мой бог! І так амаль што даводзіцца весці страгл оф лайф… барацьбу за існаванне… А што будзе далей? Хутка каторая з іх зноў падкіне пісьмо — «Плаці!»

«А калі б не плаціць, узбунтавацца?»

«Ах, малады чалавек… Я яшчэ хачу пажыць, хоць мне хутка шэсцьдзесят гадоў. Могуць і прырэзаць, і дэльфінарый узарваць, і дэльфінаў атруціць… Мо чуў, быў выпадак у Свійттаўне? Адзін замарудзіў на тыдзень заплаціць адкупнога — фабрыку ўзарвалі! Адны руіны — не бачыў?»