Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 50
Павел Андреевич Мисько
— І ты ўсё гэта бачыў?! — Янг уяўляў усё, што расказваў Абдула, і ад хвалявання ажно язык прысыхаў да нёба.
— Бачыў! Я такі! Я ўсюды паспяваю… Давай яшчэ да султанскага палаца збегаем, пакажу, як варта мяняецца каля варот. Вой, жывоцікі надарвеш!
— Не… Мне няма калі! — раптам спахапіўся Янг. І так забавіўся з гэтым аркестрам, там ужо мо шукаюць яго.
— А дзе вы спыніліся, у якім гатэлі? — у голасе Абдулы не было ніякай іроніі.
— Гатэлі?! Хіба мы буржуі? Каля прыстані нашы… І бацька.
Янг не хацеў расказваць, у які «гатэль» яны ўплішчыліся: нейкі склад-паднавесік без акон, без дзвярэй. Там нават сядзець было цесна, а не то што ляжаць.
— То я адзін пабег. Бывай! — Абдула нібы яшчарка-сцынка шмыгнуў у натоўп і знік.
Янг павярнуў да прыстані. Ішоў і ўздыхаў: як шкада, што яны не прыехалі на Галоўны раней, скажам, адразу, як іх выгналі з Біргуса. Тады гэта было б і танна, і ён столькі б усяго пабачыў. Свята каранацыі пачалося ўчора, адзначалася трэцяя гадавіна царавання султана Муту. Больш заможныя архіпелагаўцы з'ехаліся на Галоўны за дзень, за два да свята. Пра гэта Янгавы землякі не маглі і марыць: уладальнікі баркасаў (шырачэзных і мелкіх, са стрэхамі-балдахінамі, вельмі падобнымі на засланыя настольнікамі сталы) дралі з пасажыраў сем скур. Нажываліся, як маглі, і ўладальнікі маторак і парусных джонак. Лодкаю было б і танней, але ў адну ўсе дзесяць біргусаўцаў, якіх выбралі везці ахвяру Вішну, не змаглі б умясціцца, а разлучацца яны баяліся: хаця б не пагубляцца на Галоўным!
Не маглі паехаць і ў першы дзень свята, бо кошт праезду зменшыўся толькі на трэць. Выбраліся на другі і плылі паўдня — за палавінную цану: бог з ёю, з гэтай каранацыяй, галоўнае, каб трапіць на храмавае свята. Янг аддаў трыццаць пяць долараў — дваццаць за бацьку і пятнаццаць за сябе. На зваротную дарогу засталося ў яго няпоўных дзевяць долараў — на двух! Але пра тое, як будуць вяртацца назад, ніхто нічога не гаварыў, быццам яно зробіцца само сабою.
…Янг абмінаў шматлюдныя групы людзей, якія трымаліся зямляцкага прынцыпу ці каставага, цераз кагосьці пераступаў, аб чыесьці ногі спатыкаўся. Не паменшала народу на прыстані, пакуль ён бегаў за аркестрам: вірлівая і гаманкая чалавечая маса запоўніла не толькі ўсю набярэжную, але і драўляныя прычалы-пірсы, і бетонныя, што ўрэзваліся далёка ў мора. Каля іх стаялі вялікія баркасы, лапочучы ветразямі, вялікія і малыя катэры і нават акіянскі, падобны на белую гару ці шматпавярховы дом, цеплаход-лайнер. Некаторыя, не хінду, каго не цікавіла заўтрашняе храмавае свята, ужо грузіліся на баркасы і катэры, адбывалі да сваіх астравоў. Людзі тоўпіліся, штосьці абмяркоўваючы, або сядзелі ці ляжалі, дрэмлючы. Толькі не пад какосамі: грукне па галаве арэх, можа забіць. Некаторыя нешта варылі ці смажылі на маленькіх раскладзеных агеньчыках. Шныпарылі, спрытна лавіруючы між людзей, латочнікі, прапаноўвалі бетэлеву жуйку, смажаныя арэхі, піражкі і цукаты, усялякую садавіну, гародніну, драўляных бажкоў, маскі, сандалавыя палачкі для акурвання багоў, ахвярнае малако. Дым і чад, усялякія пахі кружылі галаву. Асабліва рэзка пахла нечым кіслым і прыгарэлым.