Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 48

Павел Андреевич Мисько

Кітаец, чуваць было, канчаў тэлефонную размову:

— …а правучыць не шкодзіла б! Не нам гуляць у паддаўкі! Гэтых даблаў толькі біццём можна чамусьці навучыць! — і спахапіўся, пачуўшы старэчы кашаль у калідоры: — Маці, ты?! Заходзіш, адразу знак падавай, а то я магу ўсю абойму ўсадзіць! — з бразгатам паклаў тэлефонную трубку.

— Мы гэта, мы, дарагі Чжан. Прывітанне! — выйшаў на святло, якое падала з пакоя ў калідор, аптэкар.

І з гэтага часу камандаваў у пакоі, распараджаўся ён. Гатавалі на спіртоўцы ваду, раскручвалі павязку на параненай назе, разрэзвалі штаніну, абмывалі нагу вакол раны. Потым загадаў заслаць белым стол (бабуля пасля гэтага знікла), усклаў на яго Чжанаву нагу. Урэшце, старанна памыў свае рукі і пачаў мацаць нагу вакол раны, тыкаць у рану пінцэтам, ад чаго паранены кітаец закочваў вочы пад лоб і цягнуў: «Уу-у-у!»

— Не забыў яшчэ маё імя? Правільна. У мяне зваць, проста У. Я так думаю, што закранута крыху костка, бядро. Куля каўзанула, зрыкашэціла… Дзе ж яна? А-а… вось яна, убок звярнула крыху, тырчыць, як гуля… Зробім маленькі надрэз, вышчалукнем… Замест сляпой раны будзе скразная. Скарэй загоіцца, не так будзе гной затрымлівацца. Ну во… Вось яна, можаце на памяць сабе ўзяць.

— Вазьму… на памяць… — Чжан працягнуў руку. — Я пра гэтую кулю ніколі не забуду. І не дарую яе.

— Ну во… А цяпер апрацуем рану. Праз месяц будзеш танцаваць.

— У, даражэнькі, я не магу так доўга. Тыдзень, не больш.

— Ну, тыдзень не тыдзень, а два — абавязкова. — У прамыў раны нейкімі вадкасцямі, і ў пакоі запахла рэзка і непрыемна — аж у носе засвярбела. — Травак табе прапішу, напар, унутр будзеш прымаць… Для агульнага тонусу мышанятак трэба пакаўтаць. Жывенькіх… Па дзесятку ў суткі… Маленькія такія, чырвоненькія… Арганізм амалоджваецца. Больш карысці, чым ад парашкоў і таблетак.

— Ну — не! Гэта ты ўжо сам каўтай!

— А банкір Ду Шань толькі аблізваецца, разумее, што гэта на карысць яму ідзе. Для яго аднаго цэлую ферму трымаю… Ах, каб ты бачыў, якія беленькія самкі! Як снег на гарах… Не паспяваюць размнажацца… Нікога не цікавіць, колькі маеш асновы, ім падавай максімальны выхад чыстага тавару. А калі будзе папаўненне базы? І цэлафан канчаецца, і пластмаса…

Апошнія фразы гаварун У сказаў упрытык да ўсёй сваёй гаворкі, і Пуол спачатку думаў, што і яна адносіцца да мышэй. Але Чжан тут жа сурова абарваў У:

— Ціх-х… Усё будзе ў свой час і на сваім месцы. — Чжан кінуў быстры позірк на Пуола.

А Пуол знарок пільна глядзеў, як аптэкар бінтуе Чжану нагу. «Хай думаюць, што я нічога не чую, нічым не цікаўлюся…» А ў самога, здаецца, ажно вушы варушыліся і займала дух ад усіх гэтых таямніц і сакрэтаў.

І адчуваў Пуол, што з сённяшняга вечара ён пачаў хадзіць па вастрыі ляза ці па тонкім канаце над бяздоннем.

Раздзел пяты

1

Збруя шэрага осліка і каламажка на двух вялізных колах, якую ён цягнуў, былі ўпрыгожаны гірляндамі папяровых і жывых кветак. З аброці каля вуха осліка тырчаў квяцісты парасончык, прыкрываў ослікаву галаву і ківаўся ў такт хадзе. У двуколцы ляжалі вялізны барабан і літаўра, і ў іх то па чарзе, то адначасова бабухалі булавешкамі правы і левы барабаншчык. На кожны ўдар булавешак у осліка ўздрыгвала шкура на баку, ён круціў хвосцікам з прывязаным ружовым банцікам. Ба-бух! — круць-верць, ба-бух! — круць-верць…