Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 51

Павел Андреевич Мисько

З цяжкасцю Янг прабраўся ў паднавес да сваіх. Дзесяць старэйшых мужчын у іх групе, у тым ліку стараста Ганеш, дзед Амос і Натачын бацька Амат — жанчын не было ніводнай. А чаму было б не выбраць у гэтую групу і Амару? Было б хоць да каго Янгу прыхіліцца.

— Дзе ты бадзяешся? — накінуўся на яго Амос. Дзядзькі Амата не было відаць, а Ганеш ляжаў, прыкрыўшы твар хусцінкай, хваравіта стагнаў.— Сядай каля бацькі і не давай яму выкалупваць чарвей з ран. А то звяжам яму рукі… Ты ж не хочаш, каб вязалі яму рукі? — голас старога зрабіўся ласкава-саладжавым.

Не, Янг гэтага не хацеў.

«Добранькім прыкідваецца… А за што ж ён, усе яны бацьку катуюць? Паспрабуй вытрывай гэты сверб…» — Янг з жахам глядзеў на бацькавы пакуты, на тое, як ён з нейкай асалодай і ашалелай раз'юшанасцю раздзірае балячкі, паласуе сябе. «Мала ім ран… Бачыце, трэба, каб і чэрві былі, каб больш усіх уражвала… Каб самога Вішну прабрала да пячонак, калі будзе глядзець на бацькавы пакуты». Янг дакараў сябе: не трэба было ўцякаць адсюль, а сядзець з бацькам. А то кінуў-рынуў усё, захацелася, бач ты, паслухаць музыкі, павесяліцца. І гэта яму весяліцца? Яму, які згубіў усё ў жыцці?!

«Да Раджа трэба было падавацца, яму паказаць бацьку. Радж лепш паклапаціўся б пра яго…»

— Татачка, не трэба! Татачка, пацярпі! — хапаў бацьку за рукі, не даваў раздзіраць язвы, калупаць іх. А той вырываўся, мычаў, як без'языкі, кусаў заструпелыя губы, наравіў пакачацца па зямлі, пачухацца спінаю аб стойку-слуп ці аб сцяну. Хоць і саслабеў ён, але хіба параўнаеш сілу дарослага і сілу хлапчука? Вырываючыся, бацька некалькі разоў добра трэснуў сыну — раз у вуха, раз па шчацэ, — вока пачало падплываць і запухаць. Янг моўчкі плакаў ад крыўды на бацьку, на Амоса, на ўвесь свет…

— Ды не хныкай ты! Гэтакі вялікі хлопец, а горш за малога. Трэба, каб у бацькі такі выгляд быў. Трэба! — з'явіўся аднекуль і апусціўся на калені каля Янга дзядзька Амат.

— Такі ды не такі…— незадаволена бурчаў Амос. — Ужо не пакажаш Хангаву цярплівасць і пакору. Наадварот атрымліваецца — нецярпенне. І бунт плоці, пачуццяў! Каб ён хоць месяц пасціў, пакутаваў, а то…

— Што маем… Наварылі кашы з маніёкі, а хочам есці рысавую… Значыць, так, Янг: вартуй, каб бацька нікуды не ўцёк. Заўтра ўсе пакуты скончацца, яго палечаць. — Амат як стаяў на коленцах, так і заваліўся на бок і хутка заснуў.