Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 49
Павел Андреевич Мисько
— Уох-ха-ха! Авох-ха-ха! — ажно даходзілі хлапчукі. Прытанцоўвалі, штосьці выкрыквалі, мітусіліся. Назбіралася іх за аркестрам цэлая плойма — усякіх: і добра адзетых, і амаль голых, і абадраных.
— Глядзі — толькі ўправа круціць хвастом! Во, круць — зноў управа… Ха-ха-ха, і не зблытаецца! — асабліва пацяшаўся адзін, шыракароты і худы, гнуткі, як гумавы. Хлапец нават спрабаваў хадзіць на руках, падрыгваючы ў паветры нагамі.
Для Янга ўсё было такім дзівам, што ён нібы знямеў. То ішоў за двуколкай з дзіўным ослікам, то забягаў збоку музыкантаў. Якія дзівосныя ў іх трубы і дудкі: і белыя, і жоўтыя, і чорныя, малыя і вялікія, тоўстыя і тонкія. Адна такая шырокая, што раве, як слон, — галаву ў раструб можна засунуць! Усе музыканты — еўрапейцы, усе ў белых пальчатках, у белых касцюмах, пад пахамі і між лапатак папраступалі цёмныя плямы поту, пот струменіць па тварах з-пад стаўбунаватых шапак з султанчыкамі над казырком. Спераду ідзе задам да музыкантаў кіраўнік аркестра, на аркестрантаў не глядзіць, а ўсё ўзмахвае бліскучым кіем, нібы таўчэ пшано ў ступе. На кіі матляюцца нейкія шарыкі-бомы і залатыя кутасы. Дырыжор адзеты трохі мудрэй, чым астатнія аркестранты: шапка з такім пышным султанам, як і ў астатніх, але цераз плячо перакінута плямістая леапардава шкура.
Янг адстае, прапускае аркестрантаў міма сябе — і зноў да осліка, па-свойску казыча яго пальцамі за бок. Ослік адказвае адным — круць-верць хвастом! Хлапчукі рагочуць, весела і Янгу. Толькі адзін барабаншчык нахмурыў бровы і кіўком барады паказаў — «Не замінай, а то…». — І ўзважыў булавешку ў руках, пагразіў ёю.
Весела Янгу, ён ужо як свой сярод хлапчукоў, як герой. Яго па-сяброўску ўзнагароджваюць кухталямі, ляпаюць па плячы. Ён зноў прабіраецца паўз гледачоў-разявак, абганяе аркестр, каб яшчэ крыху палюбавацца на дырыжора. Смешны гэты дырыжор з рыжымі вусамі-кольцамі. Ён ужо не таўчэ пшано ў ступе, а забаўляецца сваім бліскучым кіем — то ківае ў бакі, то круціць яго млынком.
З-за ўпрыгожаных дамоў вырываюцца апошнія промні сонца, зырка адбіваюцца ад зіхоткіх труб… Масць осліка здаецца незвычайнаю, нібы гэта вялізны і стомлены пальмавы пацук… Янгу ўжо шкада яго, прапускаючы аркестр міма сябе, ён пагладзіў осліка па крыжы і адступіў, каб не трапіць пад кола, вышэйшае за яго.
— Уй, а ўчора што было! Ты быў учора на прашпекце? — звярнуўся да Янга той хлапчук, што хадзіў на руках.
— Не, мы толькі сёння прыехалі з Горнага, — Янг не сказаў, што яны біргусаўцы.
— Мяне Абдула зваць, а цябе?
— Янг.
— Ой, тут учора шэсце было са сланамі… Карнавал!.. Феерверкі! Факелы!.. Сланы ў залатых папонах, з залатымі балдахінамі на спінах, капыткі на кожным пальцы пазалочаныя!.. Адзін слон на факел наступіў — што тут пачалося! Ашалеў, мабыць: будкі-латкі папераварочваў, людзей патаптаў… Махаўта схапіў хобатам і як гакне аб зямлю! Такая паніка пачалася, людзі самі сябе сталі таптаць, душыць, разбягацца. А я на пальму ўзлез, і ўсё-ўсё было відаць. Слана паліцэйскі застрэліў, у вуха прама — бабах! Слана бензапілкаю распілоўвалі, цэлую ноч вывозілі… Тое месца цяпер не пазнаць, пяском зашаравалі — я бегаў глядзець раніцаю.