Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 52
Павел Андреевич Мисько
«Палечаць… Хіба можна ўжо вылечыць гэтыя страшэнныя язвы? Якія кругі сінюшныя вакол кожнай — божа, божа… У бацькі гарачка, увесь трасецца, палае. Мо якое заражэнне крыві пачалося? А хто розум яго вылечыць? Хто?!» — пакутныя думкі душылі хлопца.
Нечакана апала трапічная ноч. І амаль адразу густа задыхалі, засаплі, захраплі наўкола людзі. А Янг не спаў, ён баяўся заснуць. Прывязаў бацькаву нагу да сваёй нейкім абрыўкам аборкі — хай тузае, абы не заснуць ненарокам, не ўпусціць бацьку.
Толькі на прыстані і ў гавані яшчэ не было спакою. Па вадзе снавалі рознакаляровыя агні, сяды-тады раўлі і чмыхалі, глохнучы, маторы баркасаў, чуліся нейкія прыцішаныя гудкі і свісткі. Дзесьці далёка, мо на тым беласнежным цеплаходзе-прыгажуне, задзынкалі ў звон-рынду — адбівалі склянкі. Але Янг не мог зразумець — што гэта.
Янг гатоў быў паклясціся, што не спаў. Ну, мо звёў трохі павекі, прыхіліўшыся спінаю да слупа, каб даць адпачыць вачам. Прахапіўся ад грукату тамбурынаў і тамтамаў, шчанячага віску флейты. Памацаў каля сябе… Тут бацька, не ўцёк! Во — стогне-дыхае.
— Уставайце хутчэй! — катурхаў біргусаўцаў дзед Амос.
— Піць! Вады-ы!.. — ачнуўся бацька і пачаў чухацца, скрэбціся.
Янг перавязаў вяроўку — ужо за пояс, а не за нагу.
— Пацярпі, пацярпі… Мы і так награшылі. Людзі па месяцу посцяць, у апошнія дні нават сліну не каўтаюць, а мы… У ручаі нап'ёмся… Вядзіце яго, мужчынкі, а то не праб'ёмся, — распараджаўся дзед Амос.
— Вядзіце… — прашапялявіў стараста Ганеш, нібы даў згоду.
Трэск і грукат барабанаў гусцелі. Было яшчэ цёмна, рэдкія лямпачкі на слупах мала памагалі, і хто-ніхто пачаў запальваць факелы і зыркія, іскрыстыя бенгальскія агні на доўгіх, паўметровых драцінах. Вакол гэтых агнёў пужліва завірылі, абпальваючыся, начныя мошкі і матылькі.
Біргусаўцы ішлі шчыльна, выстраіўшыся клінам, — каб лягчэй прабівацца праз натоўп. Першы, на вастрыі кліна, ішоў бацька Туна, ён быў самы здаровы. За ім, абняўшыся, а свабоднымі рукамі ўчаперыўшыся яму ў пояс, Ганеш і дзед Амос. Пасля іх трое — дзядзька Амат і бацька Пуола — Джыва, трымалі пад рукі Янгавага бацьку. У патыліцу за бацькам, схапіўшыся за аборку яго пояса, тупацеў Янг. Астатнія замыкалі шэсце.
Мабыць, яны зрабілі памылку, не трэба было перціся на «прашпект», як назваў галоўную вуліцу Янгаў знаёмы Абдула. Па абходнай, што ішла ў тым жа напрамку, было б хутчэй, хоць і адлегласць большая. Але ўсе чамусьці перліся на «прашпект», на скрыжаваннях з вуліцамі і завулкамі ўтварыліся магутныя завіхрэнні-людавароты. Адолець іх было цяжка, біргусаўцаў загнала было ў бакавую вуліцу. Біргусаўцы, што замыкалі шэсце, згубіліся. Не сталі супраціўляцца плыні, і яна зноў вынесла іх на «прашпект». «Чапляйцеся мацней адзін за аднаго!» — крычаў хрыпла Ганеш. І дзядзька Амат і Джыва ўчапіліся за старасту і Амоса. Як ні крычалі — і па адным, і ўсе разам, — не маглі дагукацца, згубленыя так і не абазваліся. А мо і тыя крычалі, згубіўшыся, але ў гэтым людскім вэрхале і гаме, барабанным грукаце пазнаць іх галасы было цяжка. Многія гукалі, нібы блудзілі ў джунглях. Янгаў бацька не ішоў, а ледзь ногі перастаўляў, і яго давялося валачы пад рукі.