Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 27

Павел Андреевич Мисько

— На… Палажы яму на галаву… Мо палягчэе… — пачуў Янг голас Мансуравага бацькі. Той трымаў нейкую падабраную ў прыбоі адзежыну, з яе цурчала вада. Аддаў — і пайшоў да гурту сяльчан пад дрэвы.

Янг трохі працёр бацьку твар, потым прыклаў да лба. Бацька задыхаў раўней, заплюшчыў вочы.

Янг азірнуўся па баках: катэр ужо адышоў далекавата, грукат матора ледзь далятаў. Выгнаннікі з Біргуса сядзелі пад пальмамі панурыя, угнутыя ад гора. Ніхто не ведаў, што рабіць, куды падацца… Ніхто іх тут не сустракаў, ніхто не чакаў. Ад блізкага драўлянага прычала ішлі рыбакі, яны толькі што выгружалі з баркасаў і чоўнаў сеткі і рыбу. Падыходзілі і спрачаліся, ці варта падыходзіць, ці трэба памагаць навічкам. «Гэта не мусульмане. Хай гэтым прышэльцам іхні Вішну памагае, а не мы…» — «Нам самім няма работы, а цяпер яшчэ і гэтыя…» — «Што вам — шкада якой рыбіны?» — «На ўсіх не наловішся, і так сеткі пустыя».

Рыбацкія лодкі з трохкутнымі рознакаляровымі ветразямі стаялі і каля драўлянага прычала, і ляжалі выцягнутыя насамі на пясчаны бераг. Шмат іх яшчэ і падплывала, уся прастора шырокага праліва паміж астравамі была спярэшчана імі, і гэтыя лодкі былі падобныя на жукоў-вадамерак, што неяк дахітрыліся трымаць над сабою яшчэ і па лісточку-ветразю. За ножкі жукоў лёгка можна было прыняць папярэчкі, якія тырчалі з лодак справа і злева ці ў адзін бок — з балансірамі, бамбукавымі стваламі. Янг заўважыў, што сярод паруснікаў імкліва рэжуць ваду вялікія маторныя вельботы, кіруюць сюды — мабыць, таксама з Біргуса.

Рыбакі, падышоўшы, пастаялі каля біргусаўцаў — стрыманыя, з каменнымі тварамі. Размаўлялі скупа, холадна: «Вам бы на Галоўны прасіцца. Там гарады ёсць, заводы. Там работу лягчэй знайсці». — «Дзе вы тут дзенецеся? Тут і зямлі свабоднай няма…» — «Іх жа сілком вывезлі… Хіба не бачыце? Няма іхняй віны», — чуўся спагадлівы адзінокі голас. Павярнуліся рыбакі, пайшлі. Толькі адзін паклаў каля ног старой жанчыны тоўстага, ажно круглага, тунца кілаграмы на два. Пайшлі зноў да лодак, дзе ўсё яшчэ мітусіліся жанчыны і дзеці, сабакі і птушкі.

З разгону ўссунуліся на пясок вельботы, з іх таксама пачалі зганяць біргусаўцаў, скідваць іх жабрацкія пажыткі. Янг убачыў нарэшце Туна і Натачу. Прыехалі! Тун нёс напакаваны нечым мяшок, а Натача — меншую сястрычку і чорны, палакіраваны жбан-урну з прахам продкаў. Такая пасудзіна павінна быць і ў Янгавым клунку. Усе хінду з іх вёскі не хавалі памёршых у зямлю, а спальвалі, гэтым займаўся бома на сваім мысе, каля вады. Янг вылавіў з вады клунак — ці не вытраслася урна-жбан? Гэта было б жахліва — згубіць сямейную святыню. Тады ў чалавека ўвогуле абрываюцца ўсе карані, якія злучалі яго з жыццём продкаў, з той зямлёю, што ўзгадавала іх саміх. Ёсць урна, слава ўсемагутнаму Вішну!

— Ну, куды вы надумалі? — Натача аддала маці сястрычку, падышла да Янга, апусцілася каленямі ў пясок. — Мой бацька гаворыць, што трэба ўсім гуртам ісці да правіцеля вострава. Так яму чыноўнік той сказаў, на Біргусе. І чым хутчэй, тым лепш, бо сёння і з іншых вёсак прывязуць людзей.