Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 29
Павел Андреевич Мисько
Харчаваліся тым, што прыносіла Натача з базару. Чэк, які даў чыноўнік па ўказцы Лі Суня, Натачын бацька Амат абмяняў у горадзе на грошы. Аддаваў іх Янгу і прасіў, каб эканоміў, бо невядома яшчэ, калі дачакаюцца правіцеля, невядома, дзе давядзецца прытуліць галаву. Ды трэба ж будзе паказаць Янгавага бацьку ўрачу. А хто захоча глядзець хворага без грошай?
Дачакаліся правіцеля толькі на трэці дзень. Ён прыняў дэлегацыю старэйшых мужчын. Янгу ніхто не расказваў усе падрабязнасці гаворкі ў правіцеля. Але хлопец сам многае зразумеў: людзі, не тоячыся ад дзяцей, спрачаліся, куды лепш падацца на пасяленне — у горы ці на паўночнае ўзбярэжжа Горнага, у джунглі. Горы ўсіх пужалі: не жылі на іх. Можа, лепш падацца ў джунглі, расчысціць месца бліжэй да вады, да акіяна?
Назаўтра збірацца ў дарогу пачалі на золку. Чыноўнік-мусульманін, па выгляду малаец, перапісаў усіх, хто заставаўся яшчэ каля дома правіцеля, і сеў на ішака: «За мною!» Ніякага інструменту ці рэчаў праваднік-каморнік з сабою не вёз. Але так і не злез усю дарогу, не падвёз нават малога дзіцяці.
Адразу за горадам пайшлі злева і справа какосавыя і чайныя плантацыі, трапляліся сям-там вёсачкі з хацінамі на палях і моцныя дамы фермераў і плантатараў з бліскучымі таблічкамі на брамах — «PRIVATE». Потым дарога скацілася ніжэй, стала гразкаю. Сырыя, змрочныя джунглі здушылі яе з бакоў, хутка дарога ператварылася ў сцежку. Як непадобны быў гэты лес на іхні, біргусаўскі! Не пазнаць, якія дрэвы растуць, усе закрыты чужым лісцем, абвіты ліянамі і ратангавымі пальмамі — як пачварнымі жгутамі-змеямі. Дый самі дрэвы, прыдушаныя паўзучымі раслінамі, выглядалі страшыдламі, скалечанымі ў небывалым пабоішчы. Адусюль звісалі гнуткія гірлянды, спляталіся ў непралазны гушчар. Ратангі невядома дзе пачыналіся, мо за дзесяткі ці сотні метраў уперадзе, збоку ці ззаду, але абавязкова далазілі яшчэ і сюды, нібы знарок перагароджвалі людзям шлях. Прытарны, нейкі тлусты пах кветак ліян і архідэй, гніення гумусу кружыў галовы, даўка забіваў дых. Раямі звінелі маскіты, з галін падалі на галовы, за каўнер агідныя шэра-зялёныя п'яўкі, адразу ж прысмоктваліся да цела. Людзі бесперастанку агрэбваліся ад п'явак, адмахваліся ад маскітаў. Пакусаныя твары і рукі, ногі, адкрытыя часткі цела параспухалі і нясцерпна свярбелі, няспынна крывянілі ўкусы п'явак. Зусім знікла сцежка праз кіламетраў дзесяць ад Кампонга.
Праваднік спыніў ішака.
— Пройдзеце яшчэ з кіламетр — і будзе ручай, прэсная вада. Управа — бераг акіяна, да яго таксама з кіламетр. Увесь гэты куток — ваш. Тут землі султаната, дзяржаўныя. Карчуйце, расчышчайце, сяліцеся. Хто колькі зможа акультурыць зямлі — уся і будзе яго. Першыя тры гады ніякіх падаткаў у казну плаціць не будзеце… — і хлістануў ішака дубчыкам, бягом пагнаў назад. Тросся і хапаўся то адною, то другою рукою за карак, здзіраў п'явак.
Калі дарогаю нараканні на лёс, плач жанчын і дзяцей былі яшчэ слабыя, людзі на штосьці спадзяваліся, то цяпер пачулася суцэльнае жаночае галашэнне. На пагібель іх сюды прывялі! Хіба можна жыць у гэтых гнілых нетрах? А як жа лагодна было на іх Біргусе! Якое там паветра, які белы пясочак на беразе! Як добра пальмы раслі! Які ўраджай давалі — па тры разы на год!