Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 26
Павел Андреевич Мисько
Борт судна аддаліўся, паніжэў, яго ўжо амаль не відаць было на фоне пляжу, затое дружна высыпалі, як усплылі, агні «Кракена».
Ці не можна зноў паварочваць да берага? Хай іх людзі не ведаюць, гэтых паразітаў…
Нечакана дошка чапляецца за гумавае вуха, у якое ўстаўляецца вясельца, вырываецца з натруджаных пальцаў і звонка ўдараецца аб бляшанку-вадалейку.
— Пэроул?! — адразу аклікнулі з катэра.
Ніякага паролю кантрабандыстаў Радж не ведаў і ведаць не хацеў. Запрацаваў з усёй сілы дошкаю, каб адплысці як мага далей ад гэтых піратаў.
На судне бліснулі ўспышкі, заляскатаў аўтамат. Кулі веерам зацёўкалі па вадзе, дзве ці тры трапілі ў лодку. Пфхху-у… Пху-у… — ірвануліся струмені паветра з прабоін, нібы вынырнулі побач, стомлена дыхнулі дэльфіны.
Радж каўзануў за борт уніз галавою…
Раздзел трэці
Грубая рука тузанула Янга за плячо, потым жорсткія пальцы пакруцілі за вуха. Хлопчык яшчэ добра не ачнуўся, але пачаў ужо ўспрымаць гукі: па сходнях тупалі босыя ногі, сходні прагіналіся і плёхалі па вадзе, гула, дрыжала жалезная палуба, звінеў ад удараў борт катэра. Ён дыхаў гарачынёю, апальваў, нібы пабываў у агні… Сонца неміласэрна смаліла ў галаву, у скронях бухала кроў. Янг расплюшчыў вочы, але ўбачыў над сабою не бацьку, а шырокі і потны твар матроса з рыжымі бакенбардамі.
— Ну, ачухаўся? Вымятайся адсюль хутчэй… І бацьку забірай… Твой бацька што… таго? — матрос пакруціў пальцам каля скроні.
Янг сеў, ашаломлена закруціў галавою. Ён з цяжкасцю ўцяміў, дзе ён, што з імі нарабілася. Яны толькі ўдвух на палубе катэра. Бацька аберуч уплёўся за радыёмачту, ашчаперыў яе і нагамі, нібы сіліўся выдраць з «коранем».
— Мая пальма… Мая пальма… — мармытаў ён, пяшчотна ўсміхаючыся. — Я забяру яе з сабою, пачакайце… Яна яшчэ маладая. Яна прымецца на новым месцы… Пальмачка мая!
Два матросы разгублена паглядвалі на гэтае дзівацтва, а потым сілаю рашчапілі яго рукі. І тады бацька прарэзліва і дзіка, нібы яго колюць у сэрца, закрычаў, задрыгаў нагамі, хапаўся імі, як крукамі, за тросы расчалкі.
— Татачка! — кінуўся да яго Янг. — Не трэба! Супакойся, татачка! — спрабаваў абдымаць, лашчыць, а бацька няўцямна варочаў вачыма, сына не пазнаваў і не слухаў.
Матросы павалаклі бацьку па трапе, босыя ногі яго грукалі костачкамі па кожнай прыбітай папярэчцы, абдзіраліся да крыві. Скаціўся за імі і Янг… Матросы кінулі бацьку на пясок — і бягом на катэр, усцяглі за сабою сходні. А той рыжы, што заставаўся на катэры, разгайдаў забыты Янгаў клунак і шпурнуў на бераг. Ад рыўка клунак трохі развязаўся, і некаторыя рэчы, не даляцеўшы да сухога, пападалі ў ваду, іх пачаў валачыць сюды-туды, гайдаць прыбой. Янг не кінуўся ратаваць рэчы. Ён варочаў у гэты час бацьку, выціраў ад пяску твар, крычаў, як глухому. І не мог даклікацца, бацькавы вочы заставаліся няўцямныя, дыхаў ён цяжка. Янг душыўся ад слёз і роспачы: што рабіць?