Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 28

Павел Андреевич Мисько

— Не ведаю… Нічога я не ведаю… Бацька… — кіўком паказаў Янг, і буйныя слёзы пасыпаліся з яго вачэй. А так не хацелася распускацца перад гэтай дзяўчынкай! Здушаныя ўсхліпы распіралі яму грудзі, спазмы перахоплівалі горла. І Натача, зусім як маці, пагладзіла яго па галаве, хацела нават і нос выцерці, але Янг не даўся. Многа сабе дазваляе! Няхай ідзе сваім сястрычкам выцірае. Чарнапузыя ўсе, кучаравыя — негрыты, па маці пайшлі. А бацька іх, Амат, — хінду, як і ўсе біргусаўцы.

— Бяры бацьку пад другую руку, пойдзем, — у голасе Натачы было больш рашучасці, чым у Янга, чым у іншых дарослых аднасяльчан.

— Чакай… — Янг хуценька прывязаў за плечы клунак. — Татка, уставай! Тата, пайшлі! — затузаў ён бацьку.

— Дзядзечка Ханг, ну — дзядзечка Ханг! — Натача і Янгавага бацьку ласкава гладзіла па галаве, па шчоках. І той паслухаўся, устаў на дрыжачыя ногі.

— Можа, ты мая дачушка?! Толькі ж я не помню, калі ты нарадзілася, калі вырасла… Янг, ты бачыш, якая ў цябе сястра? — бацька пачаў радасна азірацца. — А дзе ж маці? Хай бы ж і яна палюбавалася. Янг, пакліч маці!

— Яна скора будзе! Яна прыйдзе… — Янг адвярнуўся, да крыві пракусіў губу, каб зноў не расплакацца.

Ужо ўсе паўставалі, хто быў прыладкаваўся пад дрэвамі. Ужо было за кім ісці. Натачын бацька забраў сабе на рукі большую дзяўчынку, склікаў людзей.

— Хутчэй да правіцеля вострава! Ён дапаможа, уратуе нас! — з надзеяй гаманілі біргусаўцы.

Доўга давялося блукаць па распаленых ад гарачыні вуліцах Кампонга, пакуль дабраліся да рэзідэнцыі правіцеля. Не было ў каго добра распытаць дарогу, пазачыняліся ўсе крамкі і магазінчыкі, кавярні і латочкі — гарачыня! Драмалі ў цяні пальмаў на сваіх трохколавых калясках веларыкшы — беча. Усё жывое пахавалася ад сонца ў цень, чакала спаду спёкі і парнай духаты. Толькі вечарам пачне зноў ажываць горад. Давялося і бежанцам пазашывацца пад кусты і дрэвы ў невялічкім скверыку перад домам правіцеля і чакаць вечара. Бо на іх стукат выйшаў толькі ахоўнік з карабінам і сказаў, каб не барабанілі дарэмна, інакш ён ужыве зброю. Да шасці гадзін вечара нікога не будзе пэўна. А ці будзе ў шэсць і пазней — таксама невядома. «Чакайце!»

Ахоўнік сказаў праўду: не дачакаліся правіцеля вострава і пасля шасці. Людзі, што праходзілі міма іх табара, тлумачылі, што звычайна па вечарах правіцель ездзіць на Рай павесяліцца: там жа процьма ўсякіх рэстаранаў і бараў, розных вясёлых устаноў.

Прайшоў марна і наступны дзень. Частка бежанцаў рассеялася — плюнулі на ўсё, пачалі шукаць сваю долю самі. Пайшла куды вочы глядзяць і сям'я Мансура, згубілася ў Кампонгу. Але замест тых, што не вытрывалі, з'явіліся новыя няшчасныя, з іншых вёсак Біргуса. Янг не мог нікуды адысціся нават пажабраваць, баяўся пакінуць бацьку аднаго, каб не ўлез у якую бяду: стары зрабіўся бездапаможны горш за дзіця, нічога не цяміў.