Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 25

Павел Андреевич Мисько

Пакінуў усё, як было, — на дне. Паволі зняў акваланг.

Замыў кроў на шыі, на руках, на баку і назе, але гарачыя пырскі тут жа зноў залілі плячо і руку. У вадзе ад удару стралы болю амаль не пачуў, толькі спалохаўся, а цяпер рана балела страшэнна, кружылася галава і было моташна. Зноў заціснуў рану далонню, паднёс праваю рукою да вачэй гарпун. Падобны на самаробку, нідзе няма фабрычнага кляйма. Толькі каля абрыўка лескі выціснуты на жалезе нейкія касыя рыскі, нібы хто вычаканіў адну каля адной некалькі «птушак». Яны былі падобныя не то на дзве англійскія літары дабл ю — «WW», не то на дабл ю і ві — «WV». У вачах расплывалася…

Зашчаміў у камянях пад вадою і шток, і гарпун, прытапіў ласты, прываліўшы глыбаю вапняку, пачапіў акваланг рамянямі на правую руку — занадта дарагая штука, каб пакідаць, — і выбраўся з каменнага гнязда.

Ён то брыў знясілена, то трухаў подбежкам, абліваючыся крывёю і чамусьці задыхаючыся, да гатэля «Сэльют» — самага бліжэйшага пункта, дзе яму маглі аказаць дапамогу. Дзесьці справа на лужку чуваць былі ўдары па шары — гулялі ў гольф. З усіх акон і дзвярэй вадаспадамі вывяргалася музыка. На балконах-галерэях, што апаясвалі кожны паверх, людзей было як насыпана. Вечар быў ціхі і ясны, неба на захадзе іграла ружовымі і барвова-ліловымі фарбамі, брыжы лёгкіх хмарак зіхцелі агнём. Турысты любаваліся захадам, дыхалі пасвяжэлым паветрам і чакалі-спадзяваліся, што сонца, хаваючыся ў ваду, раптам пашле апошні развітальны зялёны прамень. Хто ўбачыць такі цуд, будзе шчаслівы да канца дзён сваіх.

Усе глядзелі толькі на захад, толькі ў акіян, ахалі і млелі ад асалоды. Ніхто і вокам не кінуў на Раджа. А яму здавалася, што ўсе будуць глядзець толькі на яго — голага і ў крыві!

Нарабіў пярэпалаху ў гатэлі… Дзяўчына-парцье выбегла з-за стойкі, ад спалоху сунула палец у рот: думала, што гэта нехта з пастаяльцаў. Кінулася да тэлефона, набірала нумар урача і некалькі разоў блыталася…

…Радж перастаў грэбці. Што гэта засціць, якая сцяна? Чаму зніклі ўсе агні на беразе? Лодка па інерцыі яшчэ праплыла трохі і мякка тыцнулася ў цёмны высокі борт. Нейкае судна… Наставіў рукі, каб больш не біла хвалямі аб борт. Чыё яно? Чаму без агнёў? Чырвонага — справа, зялёнага — злева… Хоць тут і не ляжаць водныя шляхі, але ж правіла ёсць правіла, ці мала хто можа наткнуцца… Стаіць на якары, нечага ці некага чакае. Тыя, што прывялі судна ў гэтую зону, не натыкнуліся на рыф ці скалу, добра ведалі, што робіцца ў гэтым месцы пад вадою.

— Ты чуў? Здаецца, штосьці плюхнула… — даляцеў раптам ціхі басавіты голас з катэра. Але не над галавою Раджа — з таго борта.

— Хвалі… Вецер пасвяжэў, світаць, мабыць, пачынае.

— Ага… Д'ябал ім у пячонку! Будзем выгружаць, а то не паспеем вярнуцца.

— Сабакі!.. Лішнія паўтары гадзіны з-за іх пратырчалі.

З таго боку судна чуецца магутны ўсплёск — штосьці кінулі цяжкае. Пад гэты шум Радж моцна адштурхнуўся ад борта далонямі, а потым асцярожна пагроб рукамі — каб не плюхаць і менш былі відаць фасфарычныя сляды. Яшчэ адзін цяжкі ўсплёск пачуўся за суднам, і Радж узяў у рукі дошку. Грабок, другі, трэці… Чым далей, тым хутчэй!.. «Кантрабандысты… І той раз пад вадою або яны былі, або іх хаўруснікі… Добра, што скінуў сёння белую тэніску…»