Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 24
Павел Андреевич Мисько
…Абрыдла гэтая дошка-вясло… Але Радж стараўся грэбці роўна і мерна, з нейкай нават зацятасцю. Рай набліжаўся, відаць было ўжо не толькі зарыва, але і асобныя агні. Сям-там свяціліся яшчэ вокны ў гатэлях і пансіянатах. Самыя цёмныя кварталы былі ў сёмым і восьмым сектарах. А вунь тое сузор'е агнёў — «Кракен», начны клуб. Каб гэта было не так позна, а гадзін у дванаццаць ночы, то ўбачыў бы над ім рознакаляровыя сполахі. А так ужо вакханалія агнёў і падсветак атухла, сціх музычны шал, прадстаўленне даўно закончылася. Не дрыгаюць ножкамі стандартныя, нібы вытачаныя на адным станку, амаль голыя гёрлз… Раджу не даводзілася яшчэ там бываць, чуў толькі краем вуха, як адзін турыст-амерыканец расказваў другому, аблізваючыся, і ўсё паўтараў: «Фэнтэсцік! Фэнтэсцік! Мудрэй, чым некалі ў Гаване!», а другі слухаў, развесіўшы вушы, і ледзь сліну не пускаў.
Куды лепш кіраваць лодку? Калі агінаць востраў справа, плысці праз раён порта, будзе намнога бліжэй да дэльфінарыя. Калі ж уздоўж усіх пляжаў наўкол вострава — намнога даўжэй. А мо зусім пакуль што туды не плысці? Дабрацца б толькі да берага, прыхаваць дзе-небудзь гумоўку — і далей пешкі… А можа, і не хаваць тут, а спусціць паветра, узваліць на плечы і тэпаць сабе памаленьку?
…Тады, як вынырнуў, задыхаючыся і кашляючы, заціскаючы рану, апынуўся трохі правей, бліжэй да «Сэльюта». Выплыў, выкарабкаўся, раскірэчана шлэпаючы ластамі, на бераг. З правай рукі не выпускаў ні штока, ні чужога гарпуна, ні маскі. Упаў быў спачатку на калені, сеў на яшчэ цёплы пясок, такі ваблівы і ласкавы, каб добра выкашляцца, але тут жа падхапіўся: «Ды што гэта я? Так і кроўю можна сысці…»
Кроў, і праўда, лілася моцна, струменіла між пальцаў, як ні заціскаў рану далонню. Уся рука ад кісці да локця размалявалася пацёкамі крыві, кроплі часценька зрываліся з локця, траплялі на бок і на левую нагу. Пабег, як змог, шлэпаючы ластамі, да скал, дзе прыхаваны ялік. Адсюль, з берага, дабірацца да шлюпкі было цяжэй — рукі занятыя, на нагах ласты. Пазбіваў калені, спрабуючы лезці на скалу ў ластах. Пазрываў іх з ног і, забыўшыся на рану, ускараскаўся наверх, заглянуў у цясніну. Яліка не было!
Разгубіўся спачатку і не заўважыў, што ў прыбоі варушыцца кончык нейлонавай вяроўкі. А як заўважыў, зляцеў уніз, грукаючы балонамі аб скалу, ухапіўся за яе аберуч. Пацягнуў з усяе моцы, і ялік праступіў трохі з вады. Фібралітавае дно было праломлена ў двух месцах, дзіркі — дзвюма далонямі не прыкрыеш.