Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 23
Павел Андреевич Мисько
Штосьці падобнае на грот знайшлося… Але ж тут амаль зусім цёмна, трэба плаваць з электрычнымі ліхтарамі, каб разгледзець усё ўсярэдзіне. Ці захоча містэр Крафт набыць некалькі падводных ліхтароў? Гэта ж не простыя электрычныя ліхтары і, мабыць, каштуюць нямала.
А што гэта за жалезная штуковіна выглядае з-пад лісцяў ламінарый? Радж паторкаў штокам яе, пачуў жалезны скрыгат… Быццам бочка літраў на пяцьдзесят, толькі сплюшчаная з бакоў, донцы авальныя, а не круглыя. Адхіліў лісце больш… З аднаго канца не донца, а надзета моцная накрыўка з гумаваю пракладкаю пад беражком. Вечка трымаецца на заціскачках, яны падобныя на тыя, якія бываюць у каністрах з бензінам. Да боку прыгнуты паўабручык ручкі. Пэўна, такая ручка ёсць і з ніжняга боку. Хацеў ужо брацца за ручку, каб скрануць кантэйнер з месца — цяжкі ці не? Бразгоча што-небудзь у ім ці насыпана-наліта чаго? Але падсвядома адхапіў руку, нібы апёкся. Патузаў штокам лісце, прыкрыў знаходку, як і была.
Бр-р, ці гэта холад даймае, ці падступае да сэрца страх? Падалося, што хтосьці сочыць за ім, патыліцу нібы хто свідруе з глыбіні грота… Не ўцерпеў, азірнуўся — не, нікога. Паплыў з грота зусім. Зрабіў круг: паглядзеў на ўваход з боку мора: кантэйнера адтуль не ўбачыў.
Што рабіць са знаходкай? Што можа быць у кантэйнеры?
«А калі ў ім крадзенае, нарабаванае ці кантрабанда якая, наркотыкі? Мо трэба хутчэй паліцыі заявіць?»
Радж вынырнуў на паверхню, агледзеўся. Прыкмеціць трэба на ўсякі выпадак арыенціры… Ага, канчаецца фасад гатэля «Сэльют», тры пальмы тырчаць сярод спусцістых галін казуарынаў, за імі найтклаб «Кракен». А дзе ж тыя скалы з ялікам? Ого, далекавата заплыў… А сонца? Зусім нізка сонца…
«Што рабіць? Што прыдумаць? А мо забыць пра ўсё? Быццам нічога не бачыў, нічога не ведаю? Далей ад граху…»
І адчуў, што проста так пакінуць сваю незвычайную знаходку не зможа. Нырнуў зноў, заглыбіўся… Праплыў спачатку ў бок яліка, мо знойдзецца па дарозе другі грот. Але злавіў сябе на тым, што нічога не заўважае пад вадою, усё стала нецікавым. У галаве адно — таямнічы кантэйнер.
Павярнуў да грота…
«Хоць патузаю добра, калі нельга заглянуць у кантэйнер». Раджа і цягнула да грота, і трывожыла адчуванне невядомай небяспекі.
Як паблякла ўсё пад вадою, сшарэла!.. Праменні сонца ўжо амаль не прабіваюцца ў глыбіню, а слізгацяць і адбіваюцца ад вады. Хутка зусім сцямнее, а ён так далёка ад дэльфінарыя…
Абагнуў апошнюю скалу каля грота і… ледзь паспеў падагнуць ногі, затармазіць, моцна запрацаваўшы ластамі. Двое незнаёмцаў у чорных гідракасцюмах са шлемамі з жоўтымі аквалангамі падымалі за ручкі той самы кантэйнер. Адзін трымаў свабоднаю рукою вялізны электраліхтар, другі — падводнае ружжо. Незнаёмцы ўжо моцна працавалі ластамі, каб набраць хуткасць. І тут адзін азірнуўся і зрэагаваў на Раджа імгненна: ускінуў ружжо, цёўкнуў гарпун, рассякаючы ваду. Радж ускінуў рукі, куляючыся на спіну, але закрыцца не паспеў: страла дзёўбнула пад левую сківіцу. Цэліў, гад, у шыю, але ўдар прыйшоўся трохі нахільна. Радж з гарачкі моцна тузануў гарпун. Вырваў лёгка, але выпаў з рота і загубнік. Захапіў, удыхнуў знячэўку вады… Задыхаючыся, кінуўся ўгору, да паверхні — каб не ўтапіцца і не прывабіць акул. Кроў яны чуюць за мілю…