Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 244
Павел Андреевич Мисько
Амара, як толькі Судзір мінуў яго, устаў і зайшоў ззаду ад мора. Недзе з-за палаткі і з-за бочак, з-за рухавіка імкліва выбегла некалькі паліцэйскіх, беручы Судзіра ў паўкальцо. І раптам Судзір кінуў акваланг, цапнуў за лытку. Імгненна крутнуўся да Амары і выставіў у яго бок нож. Радж не згледзеў, як мільганула лязо. Убачыў толькі, як Амара нібы спатыкнуўся, хапаючыся за грудзі.
Афіцэр першы выскачыў з вагончыка.
— Не страляць!
Радж выскачыў следам.
А каля вады ўжо сплёўся клубок цел. Хтосьці выбіў з рук Судзіра нож, той крутнуўся ў паветры млынком, дзёўбнуўся ў пясок. Радж прабег міма кучы цел да Амары, падхапіў яго пад плечы. З куточка рота сябра цадзілася нітачка крыві. Ён дыхаў часта, неглыбока, з захліпамі. Мабыць, былі прабіты лёгкія.
— Во… — расплюшчыў вочы Амара і расшчапіў акрываўленыя пальцы. На далоні было выцягнутае лязо — завостраны з двух бакоў клінок сталі.— Але ты не бойся… Не ў сэрца…
Радж асцярожна апусціў галаву Амары, паглядзеў туды, дзе ахалі і стагналі. Некаторыя ўжо курчыліся ад удараў Судзіра. Радж кінуўся ў гушчу, шалеючы ад гневу. Судзір імгненна ўскінуў насустрач нагу, цэлячы ў пах. Радж перахапіў нагу і тузануў на сябе. Судзір упаў, але па-кашачы крутнуўся спінаю ўгору, каб прыкрыць жывот. І ўдарыў другою нагою Раджа па нагах, падкасіў яго. На момант, падаючы, Радж паслабіў пальцы рук, і гэтага было дастаткова. Судзір ускочыў і яшчэ раз высока ўскінуў нагу — пацэліў пяткаю ў сонечнае спляценне начальніку паліцыі Рая. І кінуўся да вады.
Засталося на нагах толькі двое паліцэйскіх і гарбаносы. Паліцэйскія бязладна, не прыцэльна заляскалі з пісталетаў, і вакол Судзіра ў вадзе ўспыхвалі султанчыкі вады.
— Не страляць! — крычаў, як вар'ят, афіцэр. — Заводзь матор! — пакруціў у бок катэра кулаком і пабег да судна. Паліцэйскія, хто мог, за ім.
Судзір плыў размашыста, сажонкамі ў бок адкрытага мора. На што спадзяваўся — невядома: ад катэра ж не ўцячэш.
Радж зноў хацеў бегчы да Амара, але ўбачыў, што каля правага закрылка плота, які заходзіў у ваду, вынырнула некалькі дэльфінаў. І хлапчукоўская галава ў масцы паказалася…
— Янг! — кінуўся туды. З катэра, хоць ён ужо адплываў, скокнуў цераз борт Абдула, таксама галёкаючы: — Я-я-янг!
Янг уставаў з вады, аберуч заціскаючы вочы. Не бачачы нічога, спатыкаючыся, пабрыў на бераг.
— Радж… дзе ты? Я, мабыць, аслеп. Я нічога не бачу… Ба-ля-я-яць як! — усхліпваючы, вымаўляў Янг. — Бобі загінуў… І ў Дзіка хвост паранены. Мы яшчэ не праплылі ўсе, а нехта зноў уключыў заслону. Бобі ззаду быў, і якраз на яго папала… — Янг, рыдаючы, прыціснуўся тварам да грудзей Раджа.