Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 242

Павел Андреевич Мисько

— Судзір забіў трох вашых! Ганяецца за мною! — і бразнуў трубку назад.

«Судзір забіў трох вашых! Ганяецца за мною!» — спалоханы хлапчукоўскі голас уварваўся ў вагончык і сваёй нечаканасцю як не паралізаваў усіх. Афіцэр першы схапіўся за мікрафон:

— Алё! Алё-ё! — але з узмацняльніка больш нічога не пачулася.

— Ён трубку паклаў, не галёкайце, — адвярнуўся ад сцяны Майкл. — Хто там яшчэ можа быць?!

— Гэта брат мой!.. Янг!.. Жывы-ы! Другія суткі яго шукаю! — ад хвалявання Радж нават не чуў, што выкрыкваў.

— Але там яго не можа быць! — усклікнуў аператар.

— Мо-ожа! У мяне акваланг на катэры… Я паплыву ў пячору. А вы адключыце заслону! — ён ірвануўся да дзвярэй.

— Стойце, Радж! Чулі — трох забіў? Яму нічога не значыць і вас прыкончыць. Ён жа ў выгадным становішчы, знянацку можа… Другое трэба прыдумаць!

— Тады ў мяне ідэя… — спыніўся Радж. — Слухайце.

Судзір быў ужо каля плыта. Выставіў з вады руку, каб ухапіцца за край дошкі. І тады Янг з усяе сілы таўхануў гэты рухомы памост на Судзіра, і плыт падмяў яго пад сябе. А сам скокнуў у ваду, не паспеў і колькі разоў узмахнуць рукамі, як Дора апынулася побач. Янг удзячна ўчапіўся за яе: «Хутчэй!» Дэльфінка і на гэты раз паплыла з усёй моцы. Вось і парог на мысе блізка, яго логава. Азірнуўся: Судзір вылазіў на плыт… Ага, тады і яму можна вылезці, перадыхнуць. Пусціў Дорын плаўнік.

— Ты!.. Эй! Ты чуеш? Я ведаю — ты Янг! Я дарую табе жыццё! Але ведай, што забіць магу ў любую мінуту! Лагер цяпер у маіх руках, і ты ў маіх! Я гаспадар становішча! Я захаваю табе жыццё, буду карміць і паіць ад пуза, калі ты будзеш мне памагаць, працаваць з дэльфінамі.

— А скулу ў бок не хочаце?!

І тут зазумерыў тэлефон. Судзір павагаўся, ісці да яго ці не, і ступіў на бераг.

— Тут «дабл ю і ві»! Вы перайгралі, Судзір! Шэф будзе вамі не задаволены!

Паўза…

— Я не перайграў. Я толькі выйграў! Лагер у маіх руках.

— Лагер у нашых руках. І вы ў нашых! Не трэба быць такім прагным, шэф гэтага не любіць. Ваш круг дзейнасці — дэльфінарый, а вы ўсунулі нос куды не трэба, сарвалі планы шэфа.

— Я хацеў паднесці шэфу падарунак… Я хацеў яму падарыць цудоўную схованку і залаты прыіск. Шэф зразумее мяне… Я патрабую аўдыенцыі з шэфам!

— Многа хочаце, мала атрымаеце! Ніхто не мае права бачыць шэфа, як і твар бога. Сядзець будзеце ў пячоры датуль, пакуль з вас не зробіцца святая мумія. Жыць будзеце столькі, колькі вам захочацца, але ў пячоры! Усё, сувязь скончана.

— Алё! Алё! Стойце!.. Я ўсё растлумачу! Алё-ё-о…

— Гаварыце. Вы маеце права, як і кожны перад смерцю, на апошняе слова.

— Адключыце гэтую вар'яцкую заслону! Выпусціце мяне адсюль!

— Вас зразумелі. Але самі вырашыць не зможам. Звяжамся па радыё з шэфам… Чакайце званка!

Гарбаносы асцярожна паставіў мікрафон, зірнуў на Раджа, нібы спытаў: «Ну — як? Праўдзіва?» І Радж падняў угору вялікі палец.

— Курым мінут дзесяць і звонім, — сказаў афіцэр. Але ніхто не курыў. Марудна цяклі мінуты.

— У мяне яшчэ ёсць ідэя. На кожную рыбіну — свой кручок, — сказаў Радж. — Вам жа трэба ён жывы?