Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 243

Павел Андреевич Мисько

— Толькі жывы!.. Адзіная нітачка, можна сказаць…

Судзір нервова пахаджваў па пляжы. Янг не ўсё зразумеў з рэплік, якія ён кідаў па тэлефоне, але галоўнае ўлавіў. Судзір — член трыяды… Судзір капаў яму іншым, а трапіў у другую, што выкапалі яму.

Урэшце пачуўся зумер тэлефона. Судзір пашлэпаў, каб падняць трубку.

— Шэф дазволіў вас выпусціць. На зборы вам пяць мінут. Заслона будзе адключана на адну-дзве мінуты. Дарэчы, хто там яшчэ, чый голас мы чулі?

— Хлапчук адзін. Яго брат Радж Сінх працуе ў дэльфінарыі.

— Радж Сінх, якога вы павінны былі забіць і якога пакінулі жывым? Шэф ужо тады быў у гневе на вас. Ці не занадта многа вы яго злуяце?

— Клянуся: я любы загад выканаю. Магу і цяпер Раджа забіць, і брата яго адпраўлю рыбам!

— Хлапчук няхай пасядзіць там. Ён яшчэ спатрэбіцца. А пра Раджа дагаворымся, як вылезеце. Чакаем вас у лагеры!

«Хоча забіць мяне?!» — Янг зноў падаўся да вады, свіснуў Бобі. Не, проста за так ён не паддасца. Ды ў яго ж дэльфіны ёсць, верныя сябры.

— Будзь тут, Бобі. Не адплывай… — прашаптаў яму, седзячы ўжо на самым краёчку, нагамі ў вадзе. Сачыў за Судзірам. Ніякага холаду цяпер Янг не адчуваў.

Судзір не да выхаду рыхтаваўся, а паспешліва поўзаў па кучы вынесенай пароды, мітусліва разграбаў яе. Штосьці хапаў у рукі, прыглядваўся, нібы нюхаў. Здавалася, зараз пачне хапаць ротам пясок і глытаць, жэрці, давіцца ім. Урэшце Судзір устаў, пайшоў да вады. Ссунуў маску на вочы і нос, рашуча ўзяў загубнік.

Успомніў пра ліхтар, пачапіў і яго на грудзі. Сеў на беражок пляжа, здзекліва памахаў рукою ў бок Янга — маўляў, да хуткай сустрэчы, і ссунуўся ў ваду.

«Дык што ж цяпер будзе? Я так і загіну тут?»

«Калі трыяда захапіла лагер, мне не жыць. І Радж загіне, Судзір некаму абяцаў прыбраць яго, паддобрыцца да шэфа».

Зноў роспач завалодала Янгам. Бяссілле, поўнае бяссілле… Нават на плач не хапала духу.

Не скора ён зрэагаваў на зумер тэлефона. Каму яны звоняць? Нікога ж тут не засталося, усе мёртвыя. Памылкова?

А тэлефон не змаўкаў.

Янг рынуўся грудзямі на ваду, намацаў спіну Бобі, павярнуў за рострум туды, да пляжа. Сам не гроб — хай вязе. Ледзь ставала сілы, каб трымацца за плаўнік.

Абмінуў нежывога электрыка паўз самую ваду — раптам забаяўся трупа.

Трымаў трубку дзвюма рукамі…

І пачуў голас Раджа — такі родны, такі мілы!

— Янг, брацік мой… Ты мяне слухаеш? Гэта я — пазнаеш? Ты не плач, скажы мне, што ты жывы-здаровы. Ты мяне чуеш?

— Чую… — ледзь вымучыў.— Я не магу гаварыць… Я не веру, што гэта ты… А як жа трыяда, бандыты?

— Самы большы бандыт плыве да нас, пойдзем сустракаць. Слухай, мой даражэнькі, аквалангі там ёсць?

— Ёсць.

— Ты ж умееш імі карыстацца. Адзявай адзін — і ў ваду. Сам выплывеш?

— Выплыву.

— Зараз зноў адключым заслону. Ды не рыдай ты гэтак, а то яшчэ захлынешся пад вадою! Бяры сябе ў рукі, ты ж мужчына! Чуеш?

— Чую. А як жа дэльфіны?

Адказу не пачуў. У трубцы запіпікалі кароткія гудкі.

Раджу афіцэр забараніў пакуль што высоўвацца з вагончыка. Убачыць Судзір і можа сапсавацца ўся справа.

…Судзір выйшаў з вады паволі. Яшчэ стоячы на мокрым пяску, зняў акваланг і ліхтар, здзёр ласты і маску. Умудрыўся ўзяць усё ў адну руку. А пакуль знімаў амуніцыю, паглядваў у бок Амары, які сядзеў на скрынках. Здаецца, хлопец не выклікаў у яго падазрэння, мог і ў трыядзе такі быць. Радж і афіцэр, прыціскаючыся да сцяны, цікавалі з акенца вагона ў той бок. І не так бачылі Судзіра, як тое, што рулявы выйшаў з рубкі і, схіліўшыся над бортам, запознена закрываў нейкім лахманом на борце надпіс «Police». Судзір і па баках паглядзеў, і на катэр азірнуўся — здаецца, нічога падазронага не заўважыў. Паволі пабрыў па пяску ўгору.