Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 241
Павел Андреевич Мисько
А тут і электрык вынырнуў непадалёк ад выхаду. Галава яго загайдалася, як паплавок, падалася да пляжа. Вылазіў электрык спаважна, нетаропка. Разагнуўся, выбраўшыся. Шлэп, шлэп ластамі.
— Ну, што тут у вас? Я ж рабіў усё як трэба.
— Вось… — паказаў Судзір на скрутак на сцяне. — Некалькі мінут пагарэла, а потым — блісь, і няма. Я выкінуў… І паленым запахла, ізаляцыя, мабыць, пачынала гарэць.
Электрык павярнуў да сцяны, Судзір за ім — амаль ушчыльную.
— Не ве-е-ерце, дзя-ядзечка!!! — закрычаў Янг такім высокім голасам, што сарваўся. — Ён забіць вас хоча!
Электрык у непаразуменні павярнуўся на голас.
І тут жа Судзір ударыў — не ззаду, як меркаваў спачатку, а ў грудзі. Яшчэ і адштурхнуў электрыка ад сябе, і той загрымеў балонам, падаючы. Дрэсіроўшчык застаўся стаяць, трымаючы настаўлены нож. Гэтак і ў бок Янга павярнуўся, застыў на прысагнутых нагах. Круць-верць галавою ў бакі… Нічога не прыкмеціў падазронага, што прымусіла б адразу страляць лязом ці кідацца з нажом у руках. І выпрастаўся, расслаблена пайшоў да вады, прысеў папаласкаць нож.
Нечалавечая вытрымка. І спакой… А мо была толькі вытрымка? Адступіў ад вады і, не разгінаючыся, не гледзячы на лытку, цаляў нажом у ножны і не адразу папаў, трохі замарудзіў. Вочы Судзіра ўжо свідравалі цемру каля Янга. Пайшоў да электраліхтара, уключыў яго, скіраваў святло ў Янгаў бок — і нічога не ўбачыў. Паставіў ліхтар, пачаў адзяваць свой акваланг. Зашпіліў старанна рамяні, пачапіў на грудзі ліхтар. Успомніў пра ласты — абуў і зашпіліў іх. Пераступіў на плыт, зашлэпаў да яго краю, узяў загубнік у рот і кінуўся бокам у ваду.
Не, заставацца Янгу на месцы нельга. Ён шпарка спусціўся да вады, яшчэ і не пасвістаў — «Бобі, ты дзе?», а малыш і сам падплыў. Наблізіліся і ўсе дэльфіны, Янг чуў іх цяжкія выдыхі. Бясшумна з'ехаў на штанах у ваду, ухапіўся леваю рукою за плаўнік Бобі, а праваю павярнуў за рострум так, каб скіраваць у Храмавы грот. Паплыў з ганаровым эскортам — дэльфіны абкружылі яго з усіх бакоў.
Ужо адтуль, з Храма, убачыў: над мысам па скляпенні загулялі сполахі святла. Мабыць, Судзір ужо шнарыў там, высвечваў кожную выемку логава. Вось пук святла вырваўся з-за грэбеня, дастаў столь у храме… Вунь і галава Судзіра над грэбенем. Святло ліхтара апала на ваду, расплывісты жоўты круг заслізгаў па паверхні, намацваючы то аднаго дэльфіна, то другога… Янг пагрузіўся з галавою, але Бобі з-пад рукі не выпускаў. І, мабыць, яго руку Судзір заўважыў, бо як узнырнуў Янг, пачуў Судзіраў ускрык: —…ты дзе, галубчык!
І рэзкае святло знікла, Судзір ужо свяціў недзе сабе пад ногі, спускаючыся да вады.
У гэты час блізка да малыша падплыла Дора, і Янг хуценька перакінуў руку на яе. Больш было ў яе сілы, чым у Бобі, і Янг скіраваў яе да пляжа: «Хутчэй! Хутчэй!» Дора паплыла так, што вада забурліла ўслед.
Янг паспешліва, ранячы калені, ускарабкаўся на пляж. Аббег цела электрыка і спатыкнуўся аб скрынку тэлефона. Адкінуў вечка, схапіў трубку… Крыкнуў задыхана, з перахопамі дыхання: