Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 240
Павел Андреевич Мисько
Акенца было адно, злева. Направа пры глухой сцяне ўзвышалася панель з прыборамі, падобнымі на манометры са стрэлкамі, мігалі чырвоныя лямпачкі. Ніз панелі быў скошаны, як вечка школьнай парты, на ёй таксама былі нейкія пераключальнікі і кнопкі, стаяў нізенькі мікрафон. Крэсла каля панелі было пустое, аператар стаяў каля глухой тарцовай сцяны з рукамі на патыліцы, а паліцэйскі лапаў яго, абмацваў.
— Што здарылася? Гэта самавольства, я скардзіцца буду ўладам! — гразіўся аператар, спрабуючы павярнуцца тварам да ўсіх, але яго штурхаў паліцэйскі ў спіну, прымушаў глядзець у сцяну.
— Можаце… Можаце скардзіцца… — гарбаносы афіцэр сеў на крэсла каля мікрафона, а на другое, каля невялічкага століка побач з панеллю, паказаў другому паліцэйскаму, падаў яму папку з паперамі. Той расклаў усё і замёр, чакаючы, што будзе дыктаваць афіцэр. Яшчэ адзін паліцэйскі стаяў каля дзвярэй, дзе і Радж спыніўся, але ім давялося адступіцца ўбок — зайшоў нейкі акулярык у белым халаце, за ім начальнік паліцыі. Акулярыка паставілі каля той жа сцяны, што і аператара, толькі ў другім кутку, таксама абшукалі.
— І ўсе? — здзівіўся афіцэр, паварочваючыся разам з крэслам да народу.
— Больш нікога не знайшлі,— сказаў начальнік паліцыі.
— Толькі што мы бачылі — пад ваду пайшоў аквалангіст. Ён у пячору? — нібы між іншым спытаў у аператара афіцэр.
— Якую пячору? Мо рыбы захацеў на вячэру настраляць, — адказаў той.
— Не раім корчыць дурня. Мы ведаем больш, чым вам здаецца. Дзе астатнія? Таксама ў пячоры?
— У пячоры… — буркнуў аператар. — Фауну вывучаюць.
— Ага… Ваша імя?
— Майкл Стоўн.
— А вашага вучонага прыяцеля?
— Джордж Стоўн.
— Уга — браты? Нешта не падобныя.
— А мы ад розных мацярок.
— Дык вось, браты-разбойнікі, расказвайце, чым на самай справе вы тут займаецеся. Толькі хуценька і не цямніць. Дарэчы, Судзір таксама ў пячоры? З дэльфінамі?
— У пячоры. І больш я вам нічога не скажу.
— Ну-ну, цвёрдакаменны… Не забывай, што вы ў нашых руках, а не мы ў вашых. Гавары! — крыкнуў так, што Раджу ажно заклала вушы. — Колькі золата ўжо намылі?
У Майкла паніклі плечы.
— Пра золата ў Піта пытайце. І ў Джорджа, ён у лабараторыі працуе. А мая справа — во… — адвярнуўся на момант, кіўнуў на пульт кіравання.
Судзір зацягнуў аквалангі забітых на правы канец пляжа за выступ, дзе пачыналася цемра. Потым хуценька высыпаў з аднаго вядра пароду ў кучу, набраў вады — плюх на тое месца, дзе ляжаў Піт. Калі вада скацілася, падышоў туды, нагнуўся паглядзець, ці не відаць чаго падазронага. Нагнуўшыся, штосьці падняў, паглядзеў, зноў нагнуўся, папаласкаў у маленькай лужынцы, паперакідаў з рукі ў руку, як гарачы вугельчык, нават, здалося Янгу, падзьмуў сабе на рукі. Выняў нож, адпстрыкнуў асноўнае лязо, скрабануў ім знаходку — і ўкінуў «вугалёк» на дно ножнаў, а зверху засунуў нож, задаволена ляпнуў сябе па лытцы. Азірнуўся ва ўсе бакі, паглядзеў на кучу пароды і ўжо ступіў да яе, хацеў пагрэбціся. Але ўспомніў пра лямпачкі. Падышоў да сцяны, выкруціў адну — тую, што была ў сабраным петлямі провадзе, шпурнуў яе далей ад пляжа. Янг пачуў, як лопнула-дзынкнула яна, стукнуўшыся недзе ў цемры аб скалу.