Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 22

Павел Андреевич Мисько

Міма маскі ўніз праплывае ўсякае жывое драбноцце. Значыць, ён сам усплывае наверх — малавата начапіў грузіл… З шумам вырываюцца з пялёсткавага клапана пухіры паветра. Зіхоткія, нібы з жывой ртуці, яны імкліва ляцяць угору і большаюць, большаюць, каб тут жа разбіцца аб паверхню на тысячы дробненькіх. Працягнуў рукі нахільна ўніз, запрацаваў ластамі — глыбей і глыбей, проста ў чараду пярэстых, жоўта-сініх рыб-матылёў, што пырхаюць і кружацца, танцуюць вакол зарослых чырвонымі і фіялетавымі губкамі, жоўтымі, ружовымі і белымі караламі скал. Рыбы расплываюцца трохі лянотна, трохі пужліва, каб тут жа зноў цікаўна павярнуцца назад, паглядзець — а хто ж гэта патрывожыў? Ці трэба ратавацца, шыцца ў зараснікі? Глыбіня больш сямі метраў, цела ўраўнаважылася, нібы трапіў у бязважкасць, але павялічыўся ціск на грудную клетку, дыхаць стала намнога цяжэй. Не дае забыцца, дзе знаходзішся, і холад. Колер вады набывае ўжо сінявата-зялёнае адценне, накладвае свой адбітак на ўсё. Во калонія каралавых паліпаў — як пухнатая падушка ці шапачка грыба.

Густа тырчаць сотні жывых, ужо фіялетавых у рассеяным святле, а не чырвоных кветачак. Не ўтрываў, пагладзіў жывую шчотку, і паліпы, нібы па іх правялі прасам, паўцягвалі ў ячэйкі маленькія цельцы, каб тут жа зноў павысоўваць іх, затрымцець.

Глыбей не будзе спускацца… Зірнуў на компас і павярнуў уздоўж берага. Праплыве вось так на паўночны захад метраў сто, потым паварот на сто восемдзесят градусаў — і яшчэ раз, ужо бліжэй да берага. І хопіць на сёння.

Якое скопішча скал, якія вычварныя формы! І нейкія грыбы, і калоны з наростамі, і спічастыя, падобныя на храмы, збудаванні.

Радж паварочваў то ўправа, то ўлева, то забіраў угору, каб тут жа зноў апусціцца ніжэй. На компас паглядваць не забываў.

Скалы парадзелі, нібы хто накідаў іх уроссып, сталі трапляцца палянкі. Павярнуў бліжэй да берага, праплыў пад нейкім аркападобным збудаваннем, нават зрабіў круг вакол яго. Усё гэта добра, усё цікава, але ж містэру Крафту падавай грот.

Вунь яшчэ нейкі лабірынт скал, глыбіня за дзесяць метраў. Тут намнога цямней — заблудзіцца можна. А колькі ўсякіх рыб! І пярэстых, і паласатых, і ў кропачкі, з вялізнымі фальшывымі вачыма, намаляванымі на хвасце. Азірнуўся туды-сюды — ці не падкрадваецца адкуль акула? Можна было б і тую арку, і гэты хаос рыфаў і скал уключыць у новы маршрут, але ж… Але ж грота няма! А што там, лявей, бліжэй да берага? Нейкія пласты, наплывы прыступкамі, казыркамі, некаторыя з іх прымхліва парэзаны каньёнамі, цямнеюць вырвінамі.

Заглянуў пад адзін казырок, дзе вада больш цямнела. Позірк не ўпёрся ў дно ці ў сцяну, скляпенне чым далей павышалася, забірала ўлева. Расхіліў водарасці… Няўжо знайшоў?! Вочы трохі прызвычаіліся да прыцемку, і ён убачыў на столі і сценах цэлыя калоніі актыній, каралаў, там і сям цямнелі скопішчы мідзій ці вустрыц. Марудна варушылі шматлікімі ножкамі і вусікамі лангусты… Зачапіў незнарок балонам за выступ скалы, скрыгатнуў, і ўроссып кінуліся чырвоныя рыбы-салдаты. Некаторыя — пад Раджа, да выхаду, некаторыя глыбей, дзе штосьці святлела з левага боку. Мо другі выхад? Паплыў асцярожна ўглыб, заўважыўшы, як пусціўся наўцёкі ад яго аграмадны каменны акунь… Так і ёсць, гэта — другі выхад, нават шырэйшы за той, праз які заплыў. Рыбы тут плаваюць смешна, нібы стоячы на хвастах, усе стараюцца трымацца спінамі да светлага, да выхаду.