Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 21

Павел Андреевич Мисько

Каб Радж толькі сам быў гаспадаром каморы, дзе захоўваюцца аквалангі і ўвесь неабходны рыштунак, дзе стаіць у кутку электрычны кампрэсар, каб не меў ключа ад дзвярэй яшчэ і Судзір, то можна было б так і не правяраць. Ва ўсякім разе, за свой асабісты акваланг Радж быў спакойны больш за ўсё. А так хіба ведаеш, што цябе чакае, які сюрпрыз? Судзір часам карыстаецца і гідракасцюмамі з каморы, і аквалангамі, а вернецца з мора, кіне-рыне ўсё — прыбірайце за ім, услугоўвайце.

Столькі пыхі ў гэтага Судзіра, столькі мух у носе! Такім ужо маэстра-панком сябе трымае, нібы ён адзін на ўсім свеце ведае, як абыходзіцца з дэльфінамі. А Радж перакананы, што гэта не так. Чаго ж бы Судзір так хаваўся са сваімі дрэсіроўкамі-рэпетыцыямі? Барані бог, каб хто падняўся на вышку ці прысеў дзе на трыбунах, панаглядаў за яго прыёмамі і метадамі. Ні Раджу, ні Гугу не давялося ні разу гэтага зрабіць. Судзір крычаў і лаяўся брыдкімі словамі, пагражаў звольніцца з работы. Містэр Крафт у такіх выпадках ажно трапятаў: толькі не гэта, толькі не гэта!

Умеў Судзір набіць сабе цану…

…Ялік плыў тады за папераджальнымі буйкамі. Сонца стаяла над захадам, грэла ласкава, не пякло. Ахвотнікаў купацца ў такі час было многа, прыбярэжжа ажно кішэла. Радж абмінуў адну лодку з матросамі выратоўчай службы, другую. Сумавалі тыя, вудзілі рыбу. Прывітаўся з імі, узняўшы руку ў салюце: усе даўнія знаёмыя. Потым яго самога абагнаў глісер на падводных крылах. Прамчаў яшчэ морысцей, амаль каля самых рыфаў, павярнуў на крутым віражы, зрабіў круг вакол Раджа, на другім вітку наблізіўся ўшчыльную і застопарыў, асеў у ваду. Ялік гайданула на ўзнятай хвалі.

— Ты куды? — грубавата кінуў яму арабскага выгляду чалавек з густымі чорнымі вусамі — здаецца, не было такога ў выратоўчай службе.

— А вы куды? — гэтак жа грубавата перапытаў Радж.

— Мы на рабоце!

— У мяне таксама рабочы дзень не скончыўся. Вусаты зірнуў на сваю руку з гадзіннікам.

— Я раіў бы табе, хлопча, плаваць паблізу дэльфінарыя. («Ведае мяне?!» — непрыемна здзівіла Раджа). Тут прыватныя пляжы. Можаш наскочыць на непрыемнасць. — І глісер раўнуў маторам, панёсся вакол Рая на паўночны захад — супраць гадзіннікавай стрэлкі.

А Радж павярнуў ялік да берага, там заходзілі ў ваду дзве велізарныя скалы з ракушачніку. Ускінуў нейлонавы канацік на выступ скалы, прывязаў. Хутка прасунуў рукі ў рамяні акваланга, зашпіліў паясны рэмень, спаласнуў маску вадою, насунуў на вочы і нос. Загубнік у рот, шток у правую руку — кулець спінаю ўніз з кармы…

Праплыў трохі ад берага, спыніўся на трохметровай глыбіні. Трэба агледзецца, прадзьмуць вушы. Мяккае, рассеянае святло нібы разліта ўсюды. Іграюць сонечныя блікі на паверхні, скачуць па пяску «зайчыкі». Усё нібы павялічанае, набліжанае, у каторы раз дзівіцца гэтаму Радж, а звыкнуцца не можа. Ах, мора-акіян, мора-акіян!..