Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 20

Павел Андреевич Мисько

Адплываў ад берага, агінаў купальшчыкаў, здаецца, усё было ў норме, а потым знекуль наляцеў свежы вецер. Адной буржуйцы ў шортах з худымі сцёгнамі і свінячымі клыкамі на руках зрабілася млосна. Вядома ж, пад вадою былі і дзівы, і прыгажосць. Але хіба атрымаеш эстэтычную асалоду, калі хтосьці па суседству гыкае, нібы яму вырываюць вантробы, і раз-пораз звешвае галаву за борт, каб аблегчыцца? Цярпелі бабусю толькі таму, што долары ўсё роўна былі заплочаны за марскую прагулку і трэба было мець ад грошай хоць якую аддачу. Ды ўрэшце нервы пэнкнулі, усе запатрабавалі ад Раджа вяртацца назад. І Радж высаджваў усіх спакваля, кожнаму, хоць жанчына, хоць мужчына, працягваў з масткоў руку — абаперціся, раз за разам паўтараў:

— Лэдзі энд джэнтльмены! Хто хоча зрабіць падводную прагулку з аквалангам і ў масцы, праходзьце да касы, аплочвайце і запісвайцеся.

Ахвотнікаў на той раз не знайшлося — ну й добра.

Далажыў містэру — так і так, вызваліўся раней, зможа пацікавіцца заходнімі сектарамі. Ці нельга ўзяць «Нептуна»? Можна было б хутчэй агледзець акваторыю на захадзе, а потым ужо «падазроныя» мясціны даследаваць пад вадою дэталёва.

Не дазволіў містэр Джэры, спужаўся. Надта ж дарагая рэч «Нептун», зроблены гэты вялізны шлюп па спецзаказу ў самой Англіі. А раптам наскочыць на прыхаваную скалу і празрыстае акрылавае дно «Нептуна» трэсне, расколецца? Хто тады аплоціць страты, выдаткі? А калі не разаб'ецца, то могуць сцібрыць ці загоніць ветрам у адкрыты акіян, пакуль Радж будзе ныраць і плаваць пад вадою. Дазволіў толькі ўзяць ялік, невялічкую шлюпку. Той самы ялік, у якім штодзённа ездзілі ў порт па рыбу для дэльфінаў і які так прасмярдзеў гэтаю рыбаю, што Раджу давялося доўга адціраць яго пяском, шараваць вехцем, абліваць з вядра, каб і самому не прасмярдзець. Аднак містэр Джэры і тут пашкадаваў, не пусціў Гугу, асістэнта дрэсіроўшчыка Судзіра, паехаць з Раджам, пабыць за вартаўніка. У Судзіра і Гугі было яшчэ вячэрняе прадстаўленне ў дэльфінарыі… Містэр Джэры падспешыў тады Раджа:

— Давай, давай! Хутчэй!.. Тайм із мані. Час — грошы!

У такіх рэчах, як падрыхтоўка да падводнага плавання, ніякай паспешлівасці не можа быць. І хоць многа часу адабраў ялік, Радж усё праверыў дасканала: які ціск у балонах — трэба 150 атмасфер, ці працуе ўключальнік падачы рэзервовага паветра, ці спраўны дыхальны аўтамат і рэдуктар. Падумаў, ці адзяваць гідракасцюм — і пашкадаваў часу на гэта. Прышпіліў на левую руку глыбінямер, на правую — магнітны компас, на правую лытку двума раменьчыкамі ножны, сунуў у іх крыс. Пад вадою кінжал лепш мець на назе, а не на поясе, дзе і грузілы, і паясны рэмень акваланга. Што яшчэ? Возьме шток-піку, гэта нібы павялічаная ў два разы копія стралы падводнага ружжа, толькі без зазубрын на канцы. І шток, і нож — ад акул.