Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 212
Павел Андреевич Мисько
— Стары, ты не памятаеш, што робіш. Ніякай рагожы тут няма.
— Ч-чорт… Я ж не звіхнуўся. Няўжо крабы маглі куды звалачы? — той, што чартыхнуўся, азіраўся наўкола, аглядаючы ўсю пляцоўку. Потым прайшоўся паўз самы край, углядаючыся ў ваду. Аднекуль з правага краю, дзе была ўжо цемра, прынёс дзве круглыя штукі, падобныя на рэшаты, папераварочваў іх. Абодва аквалангісты паселі на іх носам да носа, узяліся патрашыць бліскучы празрысты мяшок з харчамі. Сядзелі так, што адзін закрываў крыху другога і закрываў тое, што даставалі з мяшка. Гаварылі далей напаўголаса, і Янг, хоць і настаўляў здаровае вуха, нічога не мог разабраць.
Уявіў, што яны ядуць, якую смакату, і ў жываце пачаліся галодныя рэзі. Зачэрпнуў далоняй салёнае вады, глынуў. Пацягнула на ваніты.
Сядзеў на ласце, скурчыўшыся, прыціснуўшы далоні да жывата, а локці да бакоў. Дрыжыкі ўжо не білі, рагожа і ласт усё-такі памагалі. Стараўся больш не думаць пра яду, засяродзіцца на тым, што пачулася з размовы тых двух.
Чакаецца сёння прыезд нейкага шэфа…
Спадзяюцца, што шэф дазволіць паклікаць сюды Судзіра…
Так, гэта — галоўнае. Дык што — адразу падплысці да Судзіра? Так і так, маўляў… Усё-такі знаёмы чалавек, разам у дэльфінарыі працавалі. Мо паможа выбрацца?
«Перапалохаецца, як убачыць мяне. І так падазрэнні на яго падалі, што памагаў дэльфінаў красці.
А цяпер будуць яўныя доказы, што саўдзельнік. І я — сведка… Дык нашто яму сведкі? Ці не лепш пазбавіцца ад іх?»
«Чакай, чакай… Ён жа не дурань. Ён сам бачыў, як горнуцца да мяне дэльфіны. Не абысціся яму без мяне… Спалохаецца толькі спачатку, а потым захоча скарыстаць. Без мяне яму як без рук! З чужынцамі ж дэльфіны не ідуць ні на якія кантакты…»
«Будзе трымаць, як у турме-цямніцы, свету белага не ўбачу ніколі. А Радж пашукае трохі, пашукае і… перастане…»
Горка Янгу і горна, крыўдна на свой лёс. «А я ж не жыў яшчэ, мне ж усяго дванаццаць гадоў…»
«От каб акваланг у іх украсці… Не трэба касцюм, не трэба ласты, маска… Абы загубнік у зубы, абы ўдыхнуць пару разоў… А-а-а! Пухіркі… Разрэжуць, як нажом… Як скрозь іх прабрацца?»
«Дурань… Трэба было глядзець лепш, ці нельга тыя жалезныя штукі, на якіх пухіркі робяцца, прыпадняць. Каб пад іх падлезці… А я «лялькі» прасоўваў… От жа дурань! А цяпер ужо і сілы не хопіць другі раз у масцы падплысці…»
Аквалангісты тым часам паснедалі. Усяго, здаецца, не з'елі, бо штосьці скідвалі назад у празрысты мяшок. Адзін потым устаў, скамячыўшы гэты мяшок, пашукаў вачыма, куды шпурнуць, але кінуў ціха пад лямпачку да сцірты чарпалак. Потым, мабыць, прыбяруць, вынесуць наверх… Абодва адразу заспяшаліся, нібы захацелі нагнаць страчаны час. Перанеслі на плыт некалькі саўкоў, тыя круглыя штукі, на якіх сядзелі, мяшок з рыбаю, падводныя ліхтары, ласты, маскі, аквалангі і яшчэ нейкі згортак.
— Глупства гэтыя ліхтары. Доўга пры іх не напрацуеш, — сказаў адзін.