Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 214

Павел Андреевич Мисько

Тым часам плыт апынуўся сярод дэльфінаў. У моцна расцягнутай авальнай пляме на вадзе ўбачыліся спіны з плаўнікамі, дэльфіны кружылі вакол плыта то ў адзін, то ў другі бок. Урэшце скучыліся і адышлі ў самы далёкі куток, куды святло не даставала.

Абодва аквалангісты ўскарабкаліся на плыт, святло ліхтара пахісталася па вадзе.

— Ну вось… Хоць бяры ласо ды кідай, як каўбой… — голасна ўздыхнуў адзін аквалангіст. — І як да іх паддобрыцца?

— Ты ж крычаў: калі гара не ідзе да Магамета…

— Ага… Паплыву да іх без акваланга, паспрабую з рук пакарміць… Як дзікія, не верыцца, што з дэльфінарыя.

Той, што памінаў ласо, узяў мяшок з рыбаю і кінуўся грудзямі на ваду, ажно хвалі заплёхалі ў сцены. Другі падцягнуў да ліхтара акваланг, стаў штосьці ў ім падвінчваць ці рамантаваць. Янг быў упэўнены, што дэльфіны не паддадуцца на іх заляцанні, і адхіснуўся ад грэбня. Будуць тут аквалангісты забаўляцца доўга, яшчэ і на дно палезуць з чарпалкамі. Трэба скарыстаць гэты момант!

Ён адным махам перамахнуў бруствер, споўз, мацаючы дол, да вады. Скінуў рагожу, скінуў усё адзенне дагала — так, як яны купаліся без дзяўчынак у лагуне Біргуса. Ціха лёг на ваду, асцярожна і раўнамерна запрацаваў рукамі. З Храмавага грота яго не ўбачаць, праверана. Адтуль нават пляжная лямпачка не відаць. Але доўга не будзе на пляжы, толькі схопіць той плёнчаты мяшок з рэшткамі яды — і ходу. «Тут разгледжу, што ў ім… Ха, а як ты разгледзіш у цемры? Дзе мінута, там і дзве, нічога гэта не зменіць…»

Сплаваў недарма. У скамечаным мяшэчку знайшоўся падгнілы банан, зусім добры ўсярэдзіне, бліскучы ад тлушчу агрызачак хлеба і дзве прадаўгаватыя свіныя шкуркі ад бекону. На шкурках сям-там можна было яшчэ абгрызці, абсмактаць сала, дый самі шкуркі немалы ласунак. Толькі трэба ўмець іх есці… Хлеб і банан праглынуў у момант, шкуркі сунуў за шчаку — і назад у ваду.

Ажно настрой палепшаў!

Плыў, плыў і выплыў… у Храмавы грот! Калі нечакана засвятлела ўперадзе і зварухнуліся на гэтым светлым постаці аквалангістаў, нават разгубіўся: «Чуць на плыт не ўзбіўся!..» Забраў правей, хутка намацаў мыс-выступ і свой парог за ім, азірнуўся: усё правільна, адсюль лямпачка відаць. Асцярожна, каб не пазбіваць калені, вылез. Абшморгаў з сябе далонямі ваду, парасціраў трохі грудзі, спіну, ногі, каб разагрэць кроў. З цяжкасцю разабраўся з адзеннем, паўсцягваў на сябе. І пакуль рабіў гэта ўсё, сыходзіў слінаю, прыцмокваў. Каб яны спрахлі, гэтыя шкуркі, так і хочацца глынуць не жуючы. І адразу да грэбня — а што робіцца на плыце? Жаваў, малоў зубамі, млеючы ад асалоды, і наглядаў, услухоўваўся.