Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 213

Павел Андреевич Мисько

— Я ўзяў пару запасных батарэек.

— Усё роўна гэта не работа. Ну, дзве гадзіны прамучымся, тры, а толку? Лінію трэба цягнуць — я казаў ужо.

— Скажам матарысту, хай сёння ж зробіць.

— Безгаловыя мы… Трэба было хоць пару вясельцаў з гумавай лодкі ўзяць.

— Ага… Дый лодка-гумоўка спатрэбілася б: колькі ўжо часу мінула, а мы яшчэ добра пячору не абследавалі.

— Піту гэта нецікава. Яму галоўнае, каб рыліся ў гразі, як свінні, гналі чыстаган.

— Дзе сёння будзем? У Дзіравым гроце ці каля вадаспаду? Давай к дэльфінам, у Дзіравы.

— Давай.

Адзін аквалангіст, абуўшыся ў ласты, адштурхнуў плыт ад Крабавага пляжа, плюхнуўся сам жыватом на ваду, ухапіўся за дошкі. Другі ўключыў ліхтар, паставіў яго на тую круглую штуковіну так, каб пучок святла скіраваць уперад, і таксама сунуў ступакі ў ласты, скокнуў з плыта ў ваду, учапіўся поруч з першым.

Плыт рухаўся хутка і якраз на Янга. Круглая, крыху расцягнутая пляма святла слізгацела па вадзе, часам пасвечвала трохі ўправа, калі плыт уздрыгваў, нават забірала і ўгору. Янг адчуваў сябе, як у пастцы. Лезці ў ваду, хавацца там ад аквалангістаў? Не хацелася: толькі-толькі пачаў падсыхаць і сагравацца. Пабраўся ад вады далей, мацаючы рукамі і нагамі. Добра, што сцяна была тут нахільная і намацваліся выступы і выемкі. І раптам рука, працягнутая ўперад і ўгору, не знайшла апоры! Замацаў ёю ва ўсе бакі — дзіва, не сцяна гэта была нахільная, а быццам яшчэ адзін вялікі вал ці парог. Пачаў узбірацца і мацаць больш асцярожна — так і ёсць, за валам ідзе паніжэнне. Закінуў туды адну нагу, падцягнуў другую і ссунуўся за вал нагамі ўперад. Западзіна была неглыбокая, мо крыху глыбей, чым паўметра, і роўная, нібы якое логава. Абрадаваўся неймаверна: недарэмна выбраў гэты парог для жылля. Цяпер у яго і гняздо будзе такое, што не скоцішся ў ваду, і крабаў тут няма, і хавацца добра — знізу, з вады трасцу заўважыш, як ні свяці. Каб Янг ведаў, што такое акопчык з брустверам, то параўнаў бы сваё логава з ім. Адразу пакарыстаўся гэтым брустверам, выглянуў з-за яго асцярожна ўніз. Плыт быў зусім блізка, ліхтар сляпіў. Давялося прыкрывацца рукою, святло ўжо скакала па тым месцы, дзе Янг толькі што быў.

— Во, упёрліся… Грабі ты, я прытармажу. Правей будзем браць, — пачуўся зусім блізка, як над вухам, чужы голас.

— Лявей, а не правей. Я памятаю гэты выступ. Дзіравы грот за ім, злева.

Бочка скрыгатнула, зачапіўшы пад вадою камень. Плыт грабцы адцягнулі крыху назад, а потым скіравалі ў левы бок, а як глядзець Янгу — у правы. Святло ліхтара прапала за мысам-скалою, ледзь бачны водсвет улоўліваўся над грэбнем бруствера. Чым правей да Храмавага грота, тым больш задзіраўся ўгору бруствер. Бачачы святлейшае «неба» і чорны сілуэт грэбня на яго фоне, Янг смела падаўся туды, толькі выставіў перад сабою рукі. Тут можна было амаль стаяць, абапіраючыся ці трымаючыся за грэбень, наглядаць, што робіцца ўнізе, на вадзе.

Контур плыта быў ледзь бачны, з яго ўглыб грота і на ваду падаў сноп святла. Святлелі крыху і плямы за плытом, дзе боўталі ногі плыўцоў — фантастычная, казачная карціна! Янг скіраваў позірк угору — а дзе ж тая дзіра ў скляпенні, падобная на васьмёрку? Вочы прывыклі ўжо да святла ліхтара, хоць і не прамога, не хацелі ўлоўліваць тое, што павінна было прасочвацца зверху. Урэшце штосьці ўбачылася, толькі не васьмёрка, а нібы апалонік з хвосцікам, і зусім бледна. Не заўважыў на той пляме ні зорак, ні лятаючых кажаноў. Мабыць, той апалонік было не само неба, а толькі водсвет дзённага святла, а само неба чымсьці прыкрывалася. Янга апанавала невыносная нуда, хацелася завыць, як Мансураваму сабаку. Быў выпадак, што той завыў на беразе, чакаючы рыбакоў. І наклікаў бяду: не вярнуўся з лоўлі стрыечны Мансураў брат, старэйшы за Янга на чатыры гады. Бедны Мансур, дзе ён цяпер? Ці вылечыўся? У яго ж тады, як нырнуў у лагуне ў час падводнага выбуху, палопаліся перапонкі, і сам быў кантужаны. «У мяне адно вуха баліць, і то не вытрываць… А як яму тады было?»