Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 210

Павел Андреевич Мисько

— Як рэпу грызеш… А мне начхаць на ўсе гэтыя пухіркі… Абы яны рабілі для нас тое, што мы хочам.

Многіх пачутых ад «прафесара» слоў Янг не зразумеў, некаторых мо і не дачуў. Але запомнілася «лекцыя», і ён рашыў пераказаць усё Раджу. Калі жывы застанецца, вядома… Цікава, ці зразумее ўсё гэта брат?

— Значыць, дэльфіны не могуць адсюль уцячы?

— Не могуць. Хіба што рухавік спыніцца, электрастанцыя.

— Мы маглі б і пры беразе гэтаю самаю заслонаю з пухіркоў адгарадзіць загон, і хай бы плавалі.

— Ну але! А як ты іх потым прымусіш лезці ў пячору? А тут яны на месцы, а з плытом увогуле ў два разы можна паскорыць абарот, не трэба будзе цягаць пароду да лямпачкі.

— Трэба зрабіць пераносны свяцільнік, пусціць проваду футаў трыста, каб з плытом пераносіць. І мыць будзем на плыце.

— Майкл табе не казаў? Гадзіны ў дзве ночы тэлефон зазумерыў. З пячоры… Алё, алё, а ў трубцы — маўчок.

Янг і дыхаць перастаў. Няўжо — уліп?

— Сырасць вялікая. Замкнула кантакты.

— Сырасць? Сырасці, праўда, хапае. Раматус можам падхапіць… Ха-ха, у тропіках, у чарцячым пекле! Каб хоць добра ведалі, што недарэмна змарнуем час.

— Не змарнуем. Мора чаму вялікае? Бо і ад малых рэчак і ручаёў не адмаўляецца. Гэтак мясцовая мудрасць гаворыць… Ну, а мы будзем кляваць, кляваць… Па зярнятку, па дзве-тры унцыі, па самародку.

— Самародкаў захацеў!

— Будуць і самародкі… Учора колькі мы тут палазілі, а пяць унцый намылі. Не тое што ў ручаях.

— А спачатку здалося, што ў ручаях павінна было быць больш.

— Як дзе… Каб добра разведалі, пашукалі, то мо і ў ручаях маглі на радовішча напасці… А з туземцаў ніхто нічога не ведае пра золата. Баяцца гэтага возера.

— Стары, то ты мо кумекаеш, як і з гэтымі бутэльканосамі ўпраўляцца? Я ўчора і па імёнах зваў, і рыбаю падманьваў — ніводзін не падплыў. Курсіруюць зводдаль, паглядваюць.

— Мо не нам трэба было з імі займацца. Хай бы тыя, хто не ўдзельнічаў у выкраданні, транспарціроўцы. Мо яны нас па паху пазнаюць?