Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 211

Павел Андреевич Мисько

— Д'ябал іх ведае… А мо проста да лямпачкі баяцца падплываць? І заслона пухірковая моцна ўплывае на іх — здалёк чуюць, хоць там і скіраванае выпраменьванне. Паспрабуем з плыта…

Вада ў пячоры хоць памалу, а ўсё-такі рухалася ў напрамку да выхаду. Бо стаялі тыя двое на плыце спачатку так, што лямпачка выблісквала з-за пляча левага. А пакуль пастаялі, пагаварылі — пачала выбліскваць паміж імі, потым — з-за пляча правага. Плыт ледзь прыкметна ішоў за вадою.

— Піт быў у дэльфінарыі, а нічога не можа сказаць, якія каманды падаваў той дрэсіроўшчык.

— Ён дэльфінаў бачыў у час прадстаўлення, а не на занятках.

— Я ж гаварыў Піту: рана! Няхай лепш абучацца. Не-е, давай-давай, хап-хап. А цяпер хоць пад хвост ім трубі.

— А калі больш не было б такога зручнага выпадку?

— Не было б, то самі падстроілі б. Цярпеннем трэба было запасціся, цярпеннем!

— Цярпеннем… А забыў, што час — грошы? Не ведаеш, дзе выйграеш, дзе прайграеш. Паспрабуем, не атрымаецца нічога — давядзецца Судзіра ў долю браць.

— Гэта той дрэсіроўшчык?

— Ну… Штучка — палец у рот не кладзі.

— Шэф сёння прыплывае, то скажа, што рабіць.

— У шэфа, думаеш, парламент, а не галава?

— Не парламент, але — галава.

— Згодзіцца шэф… Не бачу я іншага выйсця. Калі на адным згубім, то на другім выйграем.

— Сняданак — дзе? На пустой каве скора ног не павалачэш. Умяць бы хоць пару сандвічаў.

— Вунь… на тыя чарпалкі клаў я.

— Мяшок рагожны ты не браў? Я ўскідваў учора на чарпалкі, каб трохі абчах.

— Не бачыў… Крабы мо сцягнулі.

— А рыбу куды паклаў?

— Там жа… Не дабяруцца, не бойся.

— З гэтымі крабамі… Хоць махалам махай. Лезуць, як мухі на струп.

— Думаеш, паможа гэтая рыба? Дэльфіны не галодныя, начхаць ім на наш пачастунак.

У Янга даўно свярбела ў носе. Ён і на пераноссе ціскаў, і смаркаўся паціху, і чухаў пальцам у ноздрах. Не памагала, чхнуў — выбухова, бо заціскаў і нос і рот далонямі.

— Будзь здаровы! — сказаў правы аквалангіст.

— Гэта ты мне? Я не чхаў… Мо дэльфін.

— А што, дэльфіны таксама чхаюць?

— Мо і чхаюць. Кажуць, у іх мозг вельмі на чалавечы падобны.

— Калі так падобны, то мо іх і спакушаць трэба чым-небудзь іншым… Скажам, віном, а не рыбаю.

— Ха-ха, ну й прыдумаў!

— Рыбы ў пячоры хапае, пакуль не пераловяць усю — не суйся. А пераловяць — самі на паклон прыйдуць. А мы ім: хто не працуе, той не есць.

— Стары, ты не сацыяліст? Цяпер модна пад сацыяліста афарбоўвацца.

— Ты што — таго? — правы аквалангіст пакруціў пальцам каля скроні.

— Хм… Значыць, ты самастойна адкрыў адзін з асноўных сацыялістычных прынцыпаў.

— Значыць, сацыялісты — не дурныя, калі да гэтага дадумаліся.

— Разбалбаталіся мы тут…

— Ніхто не пачуе.

— Я не пра гэта. Працаваць трэба, а мы… Адцягваем час, адцягваем. А потым Піт ці шэф спытаюць: а што вы зрабілі за дзень?

— Ага-а… Каб яны выдахлі, гэтыя дэльфіны… Ведаеш, давай паснедаем, а тады і пачнём.

— Давай, хіба я супраць?

Двое на плыце пасталі на коленцы, загрэблі рукамі ваду, каб шчыльней прыстаць да пляжа. Як быццам баяліся намачыць гідракасцюмы. А прысталі, то першы, што ступіў на бераг, пачаў рабіць нагамі выверты, нібы стукаў імі туды і сюды, штосьці расшпурліваў у бакі. Спыніўся каля сцірты саўкоў, заглянуў па адзін бок, па другі, патупаў грозна, пужаючы крабаў.