Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 209

Павел Андреевич Мисько

Аснову плыта са скрыгатам ссунулі ў ваду, адзін аквалангіст, пахістваючыся, адразу перабраўся на яго. Пагойдаўся, прысядаючы, выкрыкнуў штосьці падобнае на «Го-го!», потым «Ол райт!». Сказаў, каб другі падаваў яму з берага карацейшыя дошкі. Прыбіў адну, прыбіў другую. Той, што на беразе, набраў дошак цэлае бярэмя і пералез туды сам, расклаў усе памостам. Таксама пагойдаўся, сказаў, што з аднае бочкі не чыста вылілі ваду, бо плыт асядае на адзін рог. А потым стаяў, узяўшыся ў бокі і гледзячы ў напрамку да Храмавага грота, амаль што на Янга. Мо выглядаў дэльфінаў? А першы поўзаў на каленях, круціўся, грукаў малатком, пакуль усё папрыбіваў. Час ад часу той, што стаяў, паварочваўся да прыбівальшчыка, штосьці гаварыў, але з-за стуку разабраць было нельга.

У Янга пяршыла ў горле, хацелася добра пракашляцца, але ён толькі паціху пырхаў, баяўся, каб гэтае пырханне не вельмі вылучалася з шуму вадаспаду. Даймаў насмарк, даводзілася часта выцірацца ці бязгучна смаркацца. Прастыў у гэтай макрэчы і холадзе… Разумеў, што яго становішча ўскладнілася: цяжэй будзе з насмаркам і кашлем ухавацца ад чужых вушэй. Цяжка будзе і пад вадою, калі давядзецца ныраць.

Прыступамі калацілі дрыжыкі: соннага добра прабрала холадам. Давялося памяць за бакі, надаваць самому сабе кухталёў, парасціраць жывот і спіну, грудзі, ногі, рукі. Намацаў складанчык-зломак, дастаў з-пад сябе рагожу. Доўга мацаў, круцячы перад сабою, мяркуючы. Вось дно, у ім выража дзірку. І дзве зверху з бакоў, каб прасунуць у гэтыя дзіркі галаву і рукі.

Рэзаў-пілаваў, памагаў нажу зубамі. Урэшце ўсцягнуў на сябе апранаху з усмешкай: «Пудзіла агароднае…» Некалькі разоў лавіў яшчэ на шыі асобныя валаконцы, вобмацкам адрэзваў, каб не казыталі, не калолі.

А позірку не зводзіў з тых двух на плыце: «Што будуць рабіць далей? Нашто ім гэты плыт? Не вельмі разгонішся на ім тут у цемры. Але калі мець вёслы ці што-небудзь падобнае, то можна абплаваць усю пячору, абследаваць… І мяне знайсці! Але каля іх, здаецца, няма ліхтароў, хіба мо дзе на пляжы…»

— Гэ-гэй, Магамет! — закрычаў зычна той, што стаяў рукі ў бокі. Пад скляпеннем рассыпалася громам-гулам: «…мет…мет… мет!» — Калі не ідзеш да гары, то гара прыйдзе да цябе!

Янг уціснуўся ў скалу: здалося, што аквалангіст яму крыкнуў, у яго бок глядзеў. «Але хіба мяне Магаметам зваць?»

— Ціха! Здурэў? Дэльфіны не любяць шуму, — прыбівальшчык таксама ўстаў на ногі. Абодва на фоне святлейшай сцяны каля лямпачкі выглядалі як цені-сілуэты.

— Гэта навуцы невядома. А што ультрагуку свінні не любяць, баяцца — можна заўважыць.

— Гэта афаліны, а не марскія свінні.

— Адзін чорт. Хто б мог падумаць, што з простых пухіроў можна стварыць такую заслону.

— Гэта не простыя пухіркі. Адваротны п'езаэлектрычны эфект.

— Ты кумекаеш трохі, з чым яго ядуць?

— Ну…

— Гані лекцыю, прафесар.

— Значыць, так… Калі з крышталю кварца выразаць своеасаблівым спосабам пласцінку, то, сціскаючы і расціскаючы яе, на гранях узнікаюць электрычныя зарады, процілеглыя па знаку. Гэта — прамы п'езаэлектрычны эфект. А калі, наадварот, да гэтай пласцінкі падвесці электрычны зарад, то яна зменіць свае памеры. Чым большы зарад, тым большая атрымаецца дэфармацыя пласцінкі ці пласцінак. Калі пераменным токам дзейнічаць, то пласцінка будзе сціскацца і раздавацца ў такт са зменай плюса на мінус. Ёсць спецыяльная ультрагукавыя генератары, калі з іх дапамогаю змяняць плюс на мінус з ультрагукавою частатою, узнікнуць ультрагукавыя хвалі. Дык вось, змены ў памерах пласцінкі пад уздзеяннем току і называюцца адваротным п'езаэлектрычным эфектам. Але цяпер з крышталю кварца такіх пласцінак не робяць, а з п'езакерамікі. Гэта ў дзесяткі і сотні разоў танней. І з іншых рэчываў робяць… Каб атрымаць вялікай інтэнсіўнасці ультрагукавое выпраменьванне, яго факусіруюць спецыяльнымі канцэнтратарамі. У нас, калі ты заўважыў, такія жалабкі з трубак зроблены… Яны і канцэнтруюць, факусіруюць ультрагукавыя хвалі да таго, што ў вадзе ажно пухіркі ўзнікаюць… У іх тэмпература — тысячы градусаў, а на ваду перадаецца ціск страшэнны… Сотні атмасфер!