Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 208

Павел Андреевич Мисько

— Пад замком седзячы цыдулак не пусціш — факт, — згадзіўся Радж. — У пячоры ён — гэта таксама факт… А ўдвух нам у лагер таксама нельга совацца. А калі ўсё-такі ўчатырох, га? — паглядзеў просьбітна на Даяла.

— Радж-бабу, мы цябе вельмі запаважалі, але ты нас адпусці! Дзеці ў мяне… — узмаліўся Даял.

— А я жаніцца збіраюся, нявеста чакае! — паспешліва дадаў Мамада.

— Не будзем спяшацца, Радж, — разважліва сказаў Амара. — Галоўнае — ён жывы. А то паспяшаешся рэзаць рогі і адхопіш заадно вушы. Выявяць яны там Янга, то непаздаровіцца яму. У самую ж таямніцу іхнюю пранік!

Ад гэтых слоў Натача зноў захліпала.

.— Ух, такія прыгоды ў Янга! Каб мы там разам былі, тако-ога б натварылі! — забліскаў вачыма Абдула.

— Сціхні, ваяка, — скрывілася Натача. — Сыча ў лесе спужаўся, а яшчэ хоча…

Абдула шморгнуў носам, яму стала трохі непамысна. Але прарэзалася і ўпартасць:

— Я пайшоў бы зараз у лагер і запатрабаваў: «Давайце нам Янга!»

— На бананавым лісце, пад соевым соусам… — дадаў Амара насмешліва.

— Радж-бабу, не раздумвай доўга, пусці нас дадому… — запрасіўся Даял. — Мы і платы ўсяе не будзем сыскваць, а як за паўдня. Усё ж так добра скончылася, і хлопец жывы.

Нічога не сказаў Радж, расшморгнуў на грудзях «маланку», стаў скручваць падол рубашкі трубкаю. Калі трубка дайшла да грудзей, скрыжаваў рукі, ухапіўся за рубашку — сцягнуў цераз галаву.

— Раздзявайся і ты… — кінуў Амары. — Хэпі энда няма, але на сёння хопіць.

«Так добра скончылася… Добра скончылася… Хлопец жывы», — таўклося ў Раджавай галаве. І не толькі Радж паўтараў гэтыя словы на розныя лады.

Нічога яшчэ не скончылася. Не пачыналася нават. Як пускаў Янг гэтыя пісьмы-крыптаграмы, то быў яшчэ жывы. А што цяпер з ім? Дзве трэці дня прайшло, а нічагусенькі не зрабілі, каб выбавіць Янга.

— Разбірайце манаткі… — махнуў Радж на рэчы.

Раздзел пяты

1

Няшчаснаму і галоднаму — кожны год высакосны, кожныя суткі — год.

Янг не памятаў, як перабраўся з Крабавага пляжа на парог. Не памятаў, як забіраў з сабою рагожны мяшок, падсцілаў пад бок. Але ачнуўся на парозе, ачнуўся ад рэзкага і звонкага грукату — якраз як б'юць па пустой бочцы з-пад бензіну. Сеў, ашалела круцячы галавою, не цямячы, дзе ён і што з ім. Адно вуха балела і не чула, другое чула добра. Мо ўжо раніца? А вочы ўраз накалоліся на святло лямпачкі, а потым намацалі і тое месца, адкуль далятаў такі аглушальны, памножаны рэхам гук: дон-дын, дон-дэн-дын… Два чалавекі ў чорных гідракасцюмах завіхаліся на Крабавым пляжы каля паласатых бочак — акурат такіх, як пад буйкамі, майстравалі штосьці падобнае на плыт. Мабыць, усё, што трэба было, падрыхтавалі ў лагеры, бо плыт збіраўся з гатовых дэталяў. Чатыры бочкі былі звараны тарцамі па дзве, а зараз гэтыя выдаўжаныя пары злучалі па краях дошкамі, каб атрымаць нешта падобнае на раму. Непадалёку ад работнікаў ляжала сцірта карацейшых дошак, а каля самай вады аднабалонныя аквалангі.

Аквалангісты ўсё гэта сюды даставілі па падводнаму ўваходу, узвалаквалі на пляж, грукату-звону, пэўна, хапала. А от жа не чуў Янг, спаў як забіты. Можна было падплысці да яго, узяць соннага голымі рукамі.