Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 19

Павел Андреевич Мисько

Містэр Джэральд Крафт, уладальнік дэльфінарыя, не раз клікаў Раджа ў свой кабінет, давяральна саджаў у мяккае крэсла перад сталом, сам прымошчваўся на другім. Гаварыў і раз-пораз кашачым рухам працягваў да пляча Раджа сваю пухлую руку, дакранаўся, нават пагладжваў:

— Радж Сінх, я цябе люблю, як сына… Ты ёсць зэ райт мэн ін зэ райт плэйс — патрэбны чалавек на патрэбным месцы. Ты не мэдмэн, як Судзір, не вар'ят. У таго толькі адны мэкінэйшн у галаве, Судзіру галоўнае — мэйк мані… Грошы, адны грошы!

Радж разяўляў рот, хацеў уставіць у хуткі паток Крафтавых слоў хоць некалькі сваіх. Што і ён, Радж, не можа за адну і тую ж плату займацца яшчэ і абследаваннем акваторыі вострава. Хопіць і таго, што містэр Джэры ператварыў яго ў затычку для кожнае дзіркі, замест таго каб узяць на работу яшчэ чалавека ці двух.

— За гэта я табе асобна заплачу — о'кэй? Але нам трэба добра ведаць, што робіцца вакол вострава пад вадою. Я хацеў бы павысіць плату за падводныя прагулкі. Хацеў бы мець два маршруты: цяперашні, лёгкі, застанецца само сабою. Другі зробім больш складаны — таму і грошы большыя. Рэкламу б далі шыкоўна:

«Цуды падводнага грота!

З аквалангам — у казку!

З абдымкаў васьмінога — на волю!

Ці гладзіў ты акулу?»

І яшчэ многа чаго можна было б прыдумаць…

— Прыдумаць-то можна, але…

— О, ты мяне разумееш! Грот трэба! Знайдзі хоць маленькі гроцік! І чым глыбей, глыбей… Каб быў і маленькі жах, лёгкае казытанне нерваў. О, на страху можна добра зарабіць!

— А вы ведаеце, што запас паветра ў аквалангу абмежаваны? Дый небяспечна глыбока: і акулы, і… Кесонку можна схапіць.

— Вот із кезонка?

— Хвароба такая… Ад рэзкага перападу ціску — з высокага на нізкі. Кроў можа ўскіпець у жылах, пухіры паветра закупораць сасуды ў мазгах — і гууд бай, май фрэнд! Сустрэнемся на тым свеце…

— О, не трэба гууд бай. Гэта будзе страшна, гэта падарве ўвесь наш бізнес! А гроцік трэба… — і скрушліва ўздыхнуў, развёў рукі: — Мэйк мані, май фрэнд… — выгляд у Крафта быў жаласлівы, хацеў і Раджа расчуліць.

Давялося шукаць калі не грот, то хоць «гроцік». Радж ужо добра абследаваў два ўсходнія і два паўночныя сектары, ведаў, што робіцца пад вадою каля пляжаў. Каралавых скал хапала, не было толькі на даступнай глыбіні грота.

Усё не мог выбрацца абследаваць мора каля заходніх сектараў. Да іх трэба было ісці ды ісці, валачы на сабе дваццацікілаграмовы акваланг, паўтаракілаграмовы пояс грузілаў. Праз порт ці праз цэнтр горада было б намнога бліжэй, але ж не пойдзеш у пласцікавых тэпцях і плаўках ці гідракасцюме ды яшчэ з такім грузам.

Дык вось — у той дзень турысты трапіліся старыя, найбольш сямейныя пары з тых, што ўжо дажываюць свой век, але перад смерцю рашылі пабачыць свету, трохі распусціць нажытыя капіталы. З такімі турыстамі Раджу было і лягчэй, і цяжэй. Лягчэй, бо яны лодку не зыбаюць, сядзяць чынна і смірна, учаперыўшыся за барты «Нептуна», не перавешваюцца то туды, то сюды, не соўгаюць рукі ў мора, а толькі талопяць вочы пад ногі, у акрылавае дно, разглядваюць, што робіцца пад вадою, слухаюць Раджа і па-дзіцячы войкаюць і ахкаюць: «А гэта што? А тое што такое?» Ну, а цяжэй, што трэба пры пасадцы прыціскаць борт шчыльна да масткоў прычала, прывязваць і нос, і карму, каб хаця якая бабуля не звалілася ў ваду. Абавязкова трэба падрабязна вучыць, як карыстацца выратоўчымі жылетамі і кругамі, і адно гэта ўжо наганяла на іх страху, прымушала аберуч хапацца за борт. А грэбці даводзілася так ужо плаўна ды асцярожна — шклянку вады на галаве можна трымаць.