Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 207
Павел Андреевич Мисько
— І во! — затузала падолак спаднічкі.— З маёй сукенкі гэта! Такая самая матэрыя… Во тут вылавіла, у прыбоі!
— Ага! Праўда! — памагаў Натачы, то прысядаў, то ўсхопліваўся на ногі і Абдула. Тота матляўся ў яго пад рукою і павіскваў.
— Ці мала ў прыбоі смецця.
— Якое смецце?! Глядзі-і… як згорнуты кавалачак… і звязаны… А як звязаны? Тры пятлі, як кветачка… Зусім нядаўна Янг вучыў мяне вязаць такія банцікі! — Твар у Натачы пылаў, губы дрыжалі.
Радж асцярожна ўзяў двума пальцамі шматок, паклаў сабе на далонь. Торкаў пальцамі ў вільготны згортачак, спрабаваў кіпцем падчапіць петлі, каб разабрацца, як завязана тоненькая нітка. Але яны былі мокрыя і зліпаліся… Хмыкнуў недаверліва, хацеў ужо кінуць за спіну, у мора.
Натача схапіла згортачак, парвала нітку, разгарнула шматок, вытрасшы з яго крыху зелля.
— Чаго б тады гэтаму кавалачку быць тут? Нашто каму рабіць такія згортачкі і вязаць Янгавымі вузламі? — гарачылася Натача. — Ён ніяк не мог падаць пра сябе вестачкі! Не напішаш, не вынесеш, не пашлеш… Што было пад рукамі, з таго і рабіў. Вадзе даверыў, а яна вынесла… Маю блузку парваў. Ён ведаў, што мы яго будзем і тут шукаць, і зрабіў, каб толькі нам было зразумела… Ну і Янг, які ён разумны, які хітры! Ён жывы-ы-ы!..
— Калі ўсё так, як ты гаворыш… — пачаў нешта гаварыць Амара, але паглядзеў на Раджа. Той заплюшчыў вочы. — Ты што? Табе кепска?!
— Нічога, нічога… — адказаў Радж, не расплюшчваючы вачэй, падыхаўшы. — Заціскае штосьці там… Ператаміўся сёння.
— Калі ўсё так, Натача… — Амара павярнуўся да яе. — То ў твае рукі трапіў адзін шанц з тысячы. А мо і яшчэ меншы, — ён узяў у Натачы кавалачак, разгладзіў на далоні.
— З тысячы? Ён жа не мог тысячу такіх кавалачкаў з блузкі нарваць, — не зразумела Натача.
— Я не ў тым сэнсе… Каб застацца жывому, у яго не было шанцаў. А выжыў! Каб трапіў табе ў рукі гэты шматок… Няхай ён хоць дзесятак ці два іх пусціў… Але таксама шанцаў амаль не было. Цуд, дый годзе!
— Дай сюды! — выхапіла Натача анучку. — Во пляма рудая з краёчку, бачыце? Уся пляма на зорку падобная… Брацік улупіў у плечы каракаціцаю, а яна чарніла выпусціла… На спіне пляма была… Чаго вы сядзіце? Шукаць трэба!.. Ратаваць Янга трэба! — Натача зноў расплакалася.
— Бабу… — падаў занепакоена голас Даял. Дасюль насільшчыкі сядзелі моўчкі, нібы анямелі ад усяго пачутага. — Бабу, я так рады… Я віншую вас. Я веру дзяўчынцы, што брат ваш жывы. Але вы на нас не разлічвайце, калі пойдзеце ў лагер. Мы не падраджаліся на гэта. Мы толькі рэчы несці згаджаліся. А тут… з лагерам гэтым… справа нячыстая.
— Мы не можам вам усяго гаварыць пра лагер, што ведаем. Але «нячыстая» — не тое слова. Слаба сказана! — Радж адшпіліў ласты, сеў па-турэцку. — Там пячора ў іх пад берагам. Калі Янг жывы, то ён у пячоры… Выхад з яе пад вадою на глыбіні чатырох, а то і пяці метраў. А загароджаны хітрамудра, па-навуковаму. Сядзіць Янг у цемры…
— А мо і не ў цемры — правады забыў? — узлакоціўся Амара, а потым таксама сеў.— То калі там светла, маглі і выявіць Янга, злавіць… Але каб схапілі, то ці змог бы ён пускаць такія цыдулкі? Калі ў пячоры і там вада — то змог бы… А калі дзе пад замком сядзіць, на беразе ўжо?