Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 206

Павел Андреевич Мисько

— Усё зразумеў? — Радж паплюхаў у твар вадою, правёў па ім, змахваючы кроплі.

— Не ўсё…

— Пячора ў іх там, пад берагам! — ледзь не крыкнуў ён.

— Ціха… І прыдумалі загародку — пухіркі. Не простыя пухіркі… Бачыў, як акунь разваліўся? У мяне галава аж расколваецца і чую дрэнна.

— І ў мяне з вушамі штосьці… Бліжэй сунься, каб не крычаць. Цяпер зразумела, чаму паліцыя дэльфінаў не знайшла. Яны ў пячоры, за пухірковай заслонай! Іх у пячоры хочуць і скарыстаць… Судзір абучаў іх ныраць з каўшамі, чэрпаць і выносіць пясок.

— Тыя, з лагера, думаюць, што ў пячоры на дне золата ёсць.

— Ух, гэта золата!.. Каб мог, сабраў бы яго — усё! З усяго свету! — і затапіў бы ў самым глыбокім месцы акіяна.

— І на гэтым, думаеш, зло знікне? — іранічна ўсміхнуўся Амара.

— Калі не ўсё, то на тры чвэрці — абавязкова.

— Той сцёк з возера трапляе ў пячору, не іначай. То няўжо і цела Янгава там?

— Я яшчэ пад вадою пра гэта падумаў, хацеў шарахнуць крысом па правадах — і туды…

— Ну але! Яны ж пад токам. Чуеш — тахкае рухавік?

— Чую, здаецца… — Радж пакруціў пальцамі ў вушах. — А мяне токам не стукнула б. Праверана: тронак — ізалятар.

— Ну і што, калі б не стукнула? А ты ведаеш, што пасля магло адбыцца? Тыя, з лагера, адразу кінуліся б шукаць пашкоджанне і застукалі б нас.

— А дэльфіны за гэты час — фіу-фюць!

— А табе нажом пад рабрыну — і фюць на дно.

— У мяне таксама ножычак неблагі. Канечне, не такі, што лязом страляе, але…

— Колькі людзей у лагеры — ты ведаеш? Не… Думаеш, яны цырымоніцца будуць з намі, калі даведаюцца, што іх махінацыі выкрыты? Сюды трэба заяўляцца з атрадам паліцыі або… Каб адразу ўсіх накрыць… І пячору гэтую абследаваць.

— Ты сказаў — «або». Што — «або»? Амара замяўся.

— Ну — добра… Я табе не гаварыў, а ты не чуў. Той гурток памятаеш? Што ў «Кракене» засядаў?

— Ну…

— Дык гурток гуртком, а… Ёсць яшчэ ў падпольнай арганізацыі атрад баевікоў. Абучаныя як след, узброеныя… Іх будуць ствараць усё больш і больш, прытым — у строгай тайне. Сам мог здагадацца, што аднымі лекцыямі і гутаркамі султана не пераможаш.

— Лічу, што гэтае «або» ты не гаварыў. Каб распатрашыць лагер, хопіць і паліцыі.

— Дадумаўся: нажом па правадах! У пячору ўсё роўна ж не палез бы адразу, ліхтароў з сабою не бралі. А там жа цемра!

З берага пачуўся кароткі ўскрык чайкі. Павярнулі туды галовы… Па калена ў вадзе стаялі Даял і Мамада. Абдула і Натача залезлі аж да пояса. Усе махалі ім рукамі, клікалі да сябе.

— Штосьці здарылася… Знайшлі мо што… — Радж, не адзяваючы маскі, паплыў да гурту, шлёпаючы па вадзе маскаю. Амара за ім.

Насільшчыкі былі амаль на лініі буйкоў, да лагера заставалася метраў сто пяцьдзесят — дзвесце. Блізка! Таму Радж і Амара, каб не маячыць у гідракасцюмах, палеглі жыватамі ў прыбоі.

— Во, глядзіце! — Натача ўпала перад Раджам на калені, працягнула да яго далонь, ледзь не ў нос, і тут жа — Амары: — Жывы ён, жывы-ы-ы… — яна прыціснула далонь з тым, што паказвала, да губ.

Радж схапіў яе за руку, з сілаю адвёў уніз.

— Ды пакажы-ы ты-ы… чортава…

Але Натача выхапіла леваю рукою з правае нейкую анучку, затрэсла ёю.