Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 18
Павел Андреевич Мисько
Думкі Раджа ішлі па крузе: то пра Біргус і Рай, пра ўвесь архіпелаг Вясёлы, то пра сваю работу, пра дэльфінарый…
Нязручны ўломак дошкі, кастравы, не возьмешся па-людску, не грабанеш як след. А лодка залішне шырокая, трэба схіляцца то да аднаго борта, каб дастаць да вады, то да другога.
Усё часцей перакідваў дошку ў левую руку, каб выраўняць ход лодкі, плысці праменька на ўсход, на зарыва Рая. На месцы грабкоў успыхваюць мірыяды бела-фасфарычных іскрынак. Серабрыстыя сляды завіхрэнняў не адразу блякнуць, а яшчэ доўга свецяцца на вадзе, нібы пратупала велізарная казачная жывёліна. Доўгі і шырокі фантастычны след застаецца і за кармою лодкі. Ведаў Радж, што гэта ўспыхваюць і свецяцца малюпасенькія рачкі і ўсялякія іншыя істоты мікраскапічных памераў. І ўсё ж яму хацелася верыць у штосьці казачнае.
Вечнае хараство вечнага мора-акіяна…
А пад вадою ноччу Радж яшчэ не быў — толькі перад самым змярканнем, і то таму, што прыпазніўся вярнуцца на бераг.
Было гэта тады, калі яго падводная прагулка ледзь не скончылася трагічна. Во, пад леваю сківіцаю яшчэ і сёння пабольвае шрам-месячык…
Яшчэ пад уладай брытанскай кароны Рай забудоўваўся па адзіным агульным плане. Згодна з гэтым планам, востраў цалкам павінен быў ператварыцца ў месца адпачынку — заморскі рай з вечным летам. У ім і свае таўстасумы, англійскія, і з усяго свету маглі б, хто хацеў, скінуць ці нагуляць тлушч, спаражніць тоўстыя кашалькі, пазабаўляцца і пацешыць грэшнае цела.
Горад на востраве ў плане нагадваў няправільнае прыплюшчанае з поўначы на поўдзень кола з васьмю спіцамі. Вобад — кальцавая пешаходная дарога ўздоўж пляжаў. Рынг-стрыт, авеню, «брадвей», шпацырштрасэ — як толькі не называлі тую дарогу! Спіцы — радыяльныя вуліцы, якія дзялілі востраў-горад на восем сектараў і сыходзіліся на авальнай плошчы. Шэсць паўночных найбольш сонечных сектараў былі аддадзены турыстам, індустрыі адпачынку. Паўз рынг-стрыт стаялі ў зеляніне гатэлі, пансіянаты, санаторыі, глыбей да цэнтра — усялякія начныя клубы, дансінгі, казіно, рэстараны, бары, кафэ. Самыя малыя і кароткія, нібы сплюшчаныя пад цяжарам астатніх шасці сектараў, былі сёмы і восьмы — паўднёвыя. Тут былі порт з прычаламі і гаспадарчымі пабудовамі і квартал жылых дамоў. Дэльфінарый займаў куток паміж першым і восьмым сектарамі, урэзваўся трохі і ў мора. На ўсім востраве не было ніводнай машыны, якая капціла б паветра, раскатвалі толькі веласіпедысты і рыкшы, ціхія электрамабілі.