Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 197

Павел Андреевич Мисько

Ад болю ў вушах ужо хацелася крычаць немым крыкам. Убачыў, як шкло ў масцы знутры раптам укрылі чырвоныя крывяныя падцёкі. У нейкім адчайным першабытным жаху загроб рукамі, замалаціў нагамі (забыў і пра пуцяводны провад!)… Наверх, хутчэй назад, да паветра!

І выплыў наверх, але раней, чым трэба, бо стукаўся, абдзіраўся аб няроўную каменную навісь столі, укрытую ракушкамі. Ледзь не ў агоніі драў кіпцямі столь, змагаўся з жаданнем выдыхнуць, каб не разарваліся грудзі. Паветра! Калі будзе тое паветра?!

Ледзь не трацячы прытомнасць, успоўз крыху на Крабавы пляж, ірвануў маску. Ляжаў ніцма.

Пад шчакою і носам расплывалася цёплая лужынка крыві. Паволі, як макрыца, поўз крывяны струменьчык і з правага вуха…

Раздзел чацвёрты

1

Радж бег да Амары. Калі на каго натыкаўся ўпрыцемку, мармытаў: «Прабачце!» — і яшчэ больш прыспешваў сам сябе.

Швейцар у дзвярах «Лятучай рыбы» не пазнаў яго і хацеў заступіць дарогу — «Няма месцаў!». Але Радж так глянуў на яго, так грабянуў-адхіліў з дарогі, што той ажно папярхнуўся і разгублена заазіраўся, шукаючы каго на дапамогу.

— Аніль, падмяні мяне на маіх століках! — крыкнуў некаму Амара ў другой частцы залы і паспяшаўся насустрач. Яго таксама ўразіў Раджаў твар. — Што здарылася? — адразу пацягнуў Раджа да службовага століка, паказаўшы буфетчыку два пальцы. — Расказвай…

Радж сядзеў некаторы час, заціснуўшы галаву далонямі, цяжка дыхаў.

— Ведаеш… Ён ашукаў мяне! Вакол пальца абвёў! А Натача прыбягае… Прапаў, не выплыў!

— Хто ашукаў? Хто прапаў? Гавары толкам! — Амара сеў побач з Раджам, супакойліва, як малога, пагладзіў па плячы.

— Янг… Хто ж яшчэ! Праклятае возера… І трэба ж было вам на яго ўзбіцца!

Рука Амары каўзанула з пляча. Абодва моўчкі няўцямна глядзелі на бакалы з півам, што прынёс і паставіў ім буфетчык. Абодва пагорбіліся, нібы і на плечы Амары лёг неймаверны цяжар бяды. Але не ўсё было зразумела, і ён, вымучваючы словы, распытваў больш, пакуль не ўявіў усё, што адбылося.

— Што рабіць, Бессмяротны? Нікога больш у мяне не засталося… — Радж угнуў галаву, з усёй моцы заціскаючы рот, скрыгочучы зубамі, каб не застагнаць. — Жыць не хочацца…

— Перш за ўсё — вазьмі сябе ў рукі. Нягледзячы ні на што, трэба жыць. Трэба! Цяпер кожны сумленны чалавек на ўліку. Мы ўжо не належым толькі сабе, не можам самі распараджацца сваім жыццём.

— Гэта — у будучым. Ты мне скажы — цяпер што рабіць?!

— Пайсці і пастарацца хоць крыху адпачыць. Раніцы трэба дачакацца… І будзем шукаць… Аднаго не магу зразумець: чаго ён з акваланга вылузаўся?

— Магло быць глыбіннае ап'яненне… Я ж яму нічога пра гэтае ап'яненне не гаварыў… Толькі пра элементарную тэхніку бяспекі… Хіба я мог падумаць, што ён будзе апускацца на такую глыбіню? Адзін, без усякай страхоўкі!.. Я і то яшчэ ні разу на такую глыбіню не спускаўся.

— Ідзі, дружа, дадому. Паспі, калі зможаш… Цяжкі будзе заўтра дзень. Я да цябе прыйду, як толькі развіднее. А ноччу нічога не зробіш, нічым яму не паможаш.