Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 196

Павел Андреевич Мисько

Тут і паселіцца, швэндаць больш не будзе. Адсюль і да Крабавага пляжа не больш як пяцьдзесят метраў. Добра туды плысці — проста на лямпачку. А адтуль? От каб і тут што блішчала…

Засталося толькі сплаваць па той рагожны мяшок, і на сёння будзе ўсё. І так ногі, рукі не слухаюцца. Адпачываць трэба, набірацца сілы. Праўда, адкуль тая сіла возьмецца, невядома: есці ж няма чаго.

Апусціўся на кукішкі, потым лёг на жывот, каб нагамі ўніз спаўзці ў ваду. Але пачуў, як нецярпліва заскрыпеў, затрынкаў дыхалам Бобі. Янг сеў, у вадзе ўжо, працягнуў да малыша руку.

— Прабачэння просіш? Я не сярдую, дурненькі.

Бобі штосьці трымаў у зубах, соўгаў яму ў рукі… Маска ад акваланга! З гарачкі Янг ледзь не ўпусціў яе. «Ну й Бобі! Гэта ж трэба…» А рукі ўжо ліхаманкава абмацвалі яе. Раменьчык цэлы… Гума цэлая… У шкле, здаецца, трэшчына… Нават дзве, яны падобныя разам на літару ві: «V». Будуць асколкі трымацца пад ціскам ці не? Прапусцяць ці не прапусцяць трэшчыны ваду? Тут жа надзеў маску, ссунуўся да Бобі.

Здаецца, нармальна… Эх, каб яшчэ ды што-небудзь было відаць! Не здымаючы маскі, пасвістаў Бобі і паплыў проста на агонь лямпачкі. Пра адпачынак забыўся адразу.

Малыш праплыў побач, потым ззаду. Урэшце зусім адстаў, бо дэльфіны трывожна засвісталі.

Не выбіраўся на Крабавы пляж, а пасунуўся паўз бераг, чапляючыся рукамі, да тоўстага провада. Аддыхаўся добра, правентыліраваў лёгкія. Злавіў некалькі «лялек», што парабіў з Натачынае сукенкі, сунуў за пазуху. І нырнуў, хутка перабіраючы провад абедзвюма рукамі.

На гэты раз спускаўся больш упэўнена. Хутка ўперадзе вада нібы затуманілася, потым і добра пасвятлела. Вось ужо гэтая прасветліна набыла форму шырокага і няроўнага зверху полага, ці заслоны. Провад лёг на дно і пашыўся пад ніз гэтага полага, і Янг пусціў яго з рук. Шыпіць полаг. Вада праз трэшчыны шкла амаль не прасочвалася ў маску, добра было відаць ужо, што полаг складаецца нібы з тысячаў шнуркоў пацерак, расцягнутых ад нізу да столі. Пухіркі-пацеркі не большыя, чым зярняты маісу, і свецяцца белым, як тыя лямпы, што бачыў у калідоры гатэля.

У галаве ўжо звінела, паколвала ў вушах, пад грудзі падварочвалася млоснасць… Яшчэ падсунуўся на крок бліжэй, яшчэ… Пухіркі ўздымаюцца не проста з дна, там штосьці пакладзена металічнае, падобнае на цацачнае, з нізенькімі борцікамі і вельмі доўгае, на ўсю шырыню полага карытца.

Здалося, што вада тут значна цяплейшая, нібы на самай паверхні мора. І гэта насцярожыла больш, чым нясцерпны звон у галаве і колкі боль у вушах. Але спяшаўся, як і раней, мітусліва намацаў за пазухаю «лялькі». Хацеў голаю рукою прапхнуць іх на той бок гарачых пухіркоў, але зноў жа спахапіўся. Сагнуўся як мага на левы бок і пачаў боўтаць нагою, стараючыся ластам праштурхнуць згортачкі на той бок заслоны. «Лялькі» не слухаліся, скакалі ўгору-ўніз, як камары, «таўклі кашу». Некалькі разоў ласт кранаўся пухірковага полага, і нагу нібы тачылі мурашкі. Паспеў заўважыць, што самы беражок ласта скручваўся і раставаў ад пухіркоў, як ад агню, кавалачкі адвальваліся і ападалі на дно.