Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 195
Павел Андреевич Мисько
Крабавы пляж…
Янг чыркаў па выступе скалы лязом складанчыка, вастрыў, правяраў жала на пазногці. Выявіў, што ў яго не проста кавалак рагожы, а мяшок, на дне нават засталася крыха бруднага, у муле, друзу. Вывернуў на левы бок, а потым спусціўся да вады, выпаласкаў і выкруціў. Можна перавярнуць дном угору, прарэзаць дзіркі для галавы і рук — і калі ласка, уздзявай на сябе.
Калі глядзець з Крабавага пляжа, то ўправа ад яго чарнее яшчэ адзін грот. Вялікі ён ці малы? Злучаецца з Храмам ці не? Янг адчуваў, што не супакоіцца, пакуль не абследуе яго. Спачатку пачне без дэльфінаў, а пад канец мо і яны асмеляцца, падплывуць.
Пакінуў рагожу на пляжы, зайшоў за правады, начапіў ласт і рынуўся грудзямі на ваду, узняўшы вялікую хвалю. Рабіў тры-чатыры грабкі і падымаў правую руку ўперад і ўгору, адстаўляў управа — ці тут сцяна? Зноў гроб, зноў мацаў… Ласт, хоць і адзін, прыбаўляў хуткасці. Пераканаўся ў гэтым па гузаках: некалькі разоў моцна стукаўся лбом. Сцяна паволі заварочвала ў левы бок, урэшце закончылася тупым кутам, пачыналася сцяна злева. Відаць, гэты грот самы меншы з усіх абследаваных. Дзіўная пячора, не трыліснік ужо, а чатырохліснік. Штосьці накшталт ліста чынары, ці інакш платана, долькі-лопасці абвостраныя. Выхад, куды вядуць правады, уяўляецца як чаранок ліста.
Праз дваццаць шэсць грабкоў абмацалася пляцоўка, ці парог. Патрымаўся трохі за беражок, адпачыў. Зноў плыў і падлічваў грабкі — пляцоўка цягнецца да сорак першага грабка, потым зноў уздыбліваецца сцяна. Не паспеў яе памацаць пару разоў, як яна знікла з-пад рукі. Ага, паварот… Рог скалы востры, як нос у «Нептуна». Падаўся ўперад і адразу абмацаў сцяну-ўцекача. Азірнуўся назад — лямпачкі не відаць, паглядзеў угору і ясна ўбачыў дзве вялікія зоркі. Не, больш! Пяць… сем… Значыць, трапіў зноў у Храм?
Можна вобмацкам вярнуцца, абследаваць выяўленую пляцоўку.
Мацаў сцяну цяпер ужо леваю рукою, падграбаў праваю. Пачуў каля сябе стрыманае «Пфу-ух-х…». Бобі падплыў, яго выдых больш высокі па тону.
— Ну што, палахлівец, засумаваў без мяне? — Янг завярнуў за той востры рог і неўзабаве ўхапіўся за пачатак пляцоўкі. Узлазіў на яе з такой жа перасцярогаю, як і на тую, дзе першы раз спаў. Уставаў асцярожна — галавою не стукнуўся, выставіў рукі ўперад, не зачапіў ні за што. Так ступіў два крокі, тры… Наткнуўся на сцяну, хоць і не вельмі крутую. Пайшоў, мацаючы нагамі, уздоўж яе, выставіўшы перад сабою адну левую, а праваю скрабучы па сцяне. Сцяна няроўная, дый пад нагамі таксама то пагорачкі, то западзіны. Не даследаваў да канца, перад чарговым выступам асцярожна павярнуўся да вады. Нешырокая, аказваецца, гэтая пляцоўка, але значна лепшая за тую, дзе спаў. І лямпачка добра відаць, нават лапік сцяны каля яе. Вадаспаду амаль не чуваць.