Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 199

Павел Андреевич Мисько

І быў такі цяжкі момант, так аблягло сэрца болем і пакутамі, што хацеў ужо пакончыць з сабою. Ды застагнала, пачала ўскрыкваць у сне Натача, і гэта крыху ацвярэзіла.

Прайшоў у камору, памацаў Натачын лоб. Ён быў гарачы, аж палаў, і Радж узяў ручнік, схадзіў у душ, намачыў. Выйшаўшы, паслухаў яшчэ, як непакояцца, плюхаюць у басейне запалоненыя дэльфіны.

Ручнік крыху памог, хоць і невялікая была ад яго прахалода. Натача задыхала раўней, толькі ўсхліпвала часам тоненька не прачынаючыся. «Бедная дзяўчынка… Наперажывалася… Нічога не сказала — мо на яе вачах загінуў Янг?»

Рэштку ночы прыслухоўваўся, як Натача дыхае. І тое, што не застаўся сам-насам са сваімі думкамі і перажываннямі, а давялося клапаціцца пра другога чалавека, уратавала яго.

Пераканаўшыся, што заснуць не ўдасца, пад раніцу зарадзіў паветрам тры камплекты балонаў, падрыхтаваў два аквалангі і два касцюмы — сабе і Амары, бо рост яго ведаў.

Гэтыя тры камплекты балонаў ды той запасны, што недзе на Горным — чатыры. Павінна хапіць надоўга.

3

Раніцаю Натача ўстала амаль здароваю, гарачкі не было. Пакуль Радж з Амараю рыхтаваліся ў паход, выносілі ўсё, што трэба, на бераг заліва, пакуль спускалі тэльферам да вады «Нептун», прымацоўвалі да кармы матор, Натача збегала ў булачную — ажно ў цэнтр горада. Іх трое, Абдула — чацвёрты, Тота — пяты. Кампанія назбіралася вялікая, і трэба будзе прабыць на Горным мо цэлы дзень. «Гора горам, а чалавеку ўсё роўна трэба падсілкоўвацца», — разважала яна па-даросламу.

Калі плылі да Горнага, Радж усё пытаў абы-што ў Натачы — абы не маўчаць, не заставацца сам-насам з думкамі пра Янга. Спачатку пра ялік спытаў: «Дзе пакінулі?», потым: «А дзе Абдула будзе чакаць?» Памаўчаў, паўзіраўся ў панараму Кампонга, і зноў: «Не гаварыў Янг — добра ён зараджаў балоны, поўнасцю? Які быў ціск на манометры?» Натача адказвала, але коратка і быццам неахвотна: настрой быў прыгнечаны.

Дамоўленасці, дзе будуць прыставаць да Горнага, не было, і Амара скіраваў лявей Кампонга, а потым забраў яшчэ больш у мора, каб абысці папераджальныя буйкі на паласатых бочках каля лагера. Здалёк буйкі здаваліся нейкімі казяўкамі, што паснулі на вадзе.

— Гэта і ёсць той лагер? — пакрычаў Радж.

— Ага-а! — крыкнуў і Амара.

— А дзе ты прычаліш? Там яшчэ ёсць паселішчы?

— Няма! На чысты бераг высадзімся!

— Разварочвайся назад!

— А што такое?

— А то-ое! Я ўжо раз прыставаў да пустога берага, з ялікам. На Раі! Дык мне — во-о! — паказаў Радж на шрам-месячык пад левай сківіцай. — А ялік праламалі і ўтапілі. Давай да прычала!

Амара зрабіў круг у бок адкрытага мора, пакіраваў да Кампонга. Але не вытрываў, усё-такі пракрычаў Раджу:

— Параўна-аў! Там жа кантрабандысты былі ці піраты!

— Тут таксама… Яшчэ невядома хто!.. А калі што з «Нептуном» здарыцца, Судзір у турме згноіць!

Паддаў усім трывогі Радж. Ён і раней адчуваў, што з гэтым лагерам не ўсё проста, а падслуханая размова Піта з Судзірам і зусім насцярожыла. Вельмі ж настырна лез Судзір у кампаньёны да Піта і вельмі ж адбрыкваўся ад гэтага Піт! Можа, лагернікі і навукаю займаюцца, хто ведае. А калі тая навука толькі камуфляж, як і Судзір падазраваў? Мо яны самыя сапраўдныя драпежнікі, здольныя не толькі на выкраданне дэльфінаў. У такіх людзей нічога святога за душою няма.