Читать «Грот афаліны» онлайн - страница 198

Павел Андреевич Мисько

«Паможаш…» Хоць бы цела знайсці… Хоць бы цела…» — роспачліва думаў Радж.

Піва нават не крануў. Пайшоў ад стала моўчкі, не развітаўшыся.

2

Натача кончыла лупіць доўгі, як пакалак, крывы клубень ямса. Парэзала на кружочкі, каб абсмажыць. І тут вярнуўся Радж.

— А я і забыўся табе сказаць… Макароны ж ёсць вараныя. Еш.

— Гэта я на раніцу падсмажу, з сабою возьмем. — У Натачы горна дрыжалі губы.

— У Крафта яшчэ агонь гарыць — забягу. Мо дасць «Нептуна» на заўтра, — сказаў Радж ціха, як прыбіты, і выйшаў.

— Ага, схадзі,— як гаспадыня, згадзілася Натача. Падымаўся Радж па скрыпучай лесвіцы цяжка, па-старэчы.

Для прыліку пастукаў, але дзверы адчыніў, не чакаючы адказу.

За сталом Крафта сядзеў, уткнуўшыся ў паперы, Судзір.

— А дзе… містэр Крафт? — спытаў здзіўлена.

— Быў ды сплыў…— неахвотна падняў галаву Судзір. Выгляд незадаволены: перашкодзілі.— Праўда, заўтра яшчэ зможаш яго пабачыць — будзе тут з натарыусам. І ў Англію паедзе.

— У госці? У водпуск? — усё не мог ачомацца ад такое неспадзяванкі Радж.

— Многа пытанняў задаеш. Гавары, што ты хацеў…

— Я хацеў… З гаспадаром мне трэба было б пагаварыць.

— Слухаю цябе, — Судзір паглядзеў на ручны гадзіннік.

— Дык ты… дык вы…

— Можаш гаварыць «ты», як і раней. Я не пакрыўджуся. Праўда, былі ў нас сутычкі па рабоце… Але дзе іх не бывае? Служба ёсць служба. А хто старое ўспомніць, таму вока вон.

— Дык што — у цябе цяпер трэба прасіцца… прасіць?!

— Ага. Ніхто не ведае, хто ў каго будзе на памінках. Заўтра апошнія паперы на куплю-продаж падпісваем.

Радж памаўчаў, збіраючыся з духам і з думкамі.

— Гора ў мяне… Янг утапіўся… на Горным… Шукаць трэба ехаць.

— О, богі… Калі ж гэта магло здарыцца? Я ж учора яго бачыў.

— То — учора, а гэта — сёння. «Нептуна» буду прасіць… І каб самога з работы адпусціў.

— Мне з табою трэба пра многае пагаварыць. Але пакуль што і ў цябе клопаты, і ў мяне. На днях абавязкова пагаворым.

— Дык я пра «Нептуна»…

— Возьмеш. Я табе абавязаны, можна сказаць, жыццём… Думаю, што потым усе страты ад прастою нагоніш. Так?

— Так, містэр Судзір.

— Ну, нашто так афіцыйна? Я хацеў бы, каб адносіны паміж намі засталіся сяброўскія. Бывай! — крыху прыўзняў над сталом забінтаваную правую руку.

— Дабранач! Дзякую.

«От як… Праглынуў Крафта — і не папярхнуўся. І дзе ён грошай столькі на гэта ўзяў? Зарплата ў яго была толькі напалавіну большая за маю…»

Чырвоныя губы выдадуць таго, хто жаваў бетэль. І сляпому відаць: сам Судзір прыклаў руку да разарэння Крафта. Іначай не гаварыў бы пра гэта з такім спакоем і задавальненнем. Нават вестка пра гібель Янга не вывела яго з гэтага настрою. А хлапчук жа шчыра любіў дэльфінаў, ахвотна, нават празмерна памагаў Судзіру ў рабоце.

Цесна думкам у Раджавай галаве.

Аддаў тапчан Натачы, а сам, узяўшы трохі чаго пад бок, уладкаваўся на лаўцы на дварэ. За цэленькую ноч нават і на волас не замгнуў. Хворае ўяўленне малявала жахлівыя карціны, і ўсё — пра тое, як гінуў, тапіўся Янг. «Я… Толькі я вінаваты ў гібелі брата… Не дапільнаваў, не дагаварыў таго, што павінен быў гаварыць. А трэба было ўсю ўвагу яму аддаць — і за сябе, і за бацьку, і за маці…»